На Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме падпісана дарожная карта паміж Рэспублікай Беларусь і Ленінградскай вобласцю. Дамоўленасць аб стварэнні гэтага дакумента была дасягнута ў Мінску раней на пасяджэнні двухбаковых камісій, паведаміў Першы намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Мікалай Снапкоў.
"Гэта дарожная карта была падрыхтавана пасля сустрэчы Прэзідэнтаў Беларусі і Расіі і нашых з губернатарам Ленінградскай вобласці абмеркаванняў перспектыў сумеснага развіцця. Думаю, калі мы выканаем усё адзначанае ў дарожнай карце, то задачу Прэзідэнта Беларусі аб дасягненні $1 млрд гандлёвага абароту паміж Ленінградскай вобласцю і нашай рэспублікай мы ў наступным годзе выканаем. Мы ставім гэту задачу як мінімум", - адзначыў Мікалай Снапкоў.
Ён таксама падкрэсліў, што фундаментам супрацоўніцтва Беларусі і Расіі з'яўляюцца сумесны бізнес і інтэграцыйныя праекты. Стратэгічна ўзаемадзеянне Беларусі з Расіяй прадугледжвае не толькі тавараабарот, але і стварэнне сумесных прадпрыемстваў, у тым ліку імпартазамяшчальных. "На тэрыторыі Ленінградскай вобласці вельмі запатрабаваны падшыпнікі. Мы будзем мадэрнізаваць наш падшыпнікавы завод, каб ён змог пастаўляць прадукцыю для Ціхвінскага вагонабудаўнічага завода. Спадзяёмся, зможам замясціць амерыканскі імпарт у тым, што датычыцца складнікаў па вытворчасці падшыпнікаў", - расказаў Першы намеснік Прэм'ер-міністра.
Мікалай Снапкоў адзначыў, што існуе праграма па арганізацыі сельскагаспадарчага і ляснога машынабудавання на пляцоўках Ленінградскай вобласці, а таксама асобная праграма па будаўніцтве. "У Ленінградскай вобласці, як і ў Рэспубліцы Беларусь, уведзена праграма зносу старога жылля і замяшчэнне яго будаўніцтвам новага. Спадзяёмся, беларускія будаўнічыя кампаніі актыўна ўключацца ў гэту праграму", - падкрэсліў Мікалай Снапкоў.
Ён выказаў меркаванне, што стварэнне сумесных прадпрыемстваў і імпартазамяшчальныя праекты даюць магчымасць быць эканамічна незалежнымі, наколькі гэта магчыма.
Фота: БелТА