навіна

ад 20.05.2008

Паспяховы вопыт Беларускай калійнай кампаніі будзе выкарыстаны ў рабоце іншых прадпрыемстваў


Паспяховы вопыт Беларускай калійнай кампаніі будзе выкарыстаны ў рабоце іншых прадпрыемстваў

Паспяховы вопыт Беларускай калійнай кампаніі будзе выкарыстаны ў рабоце іншых прадпрыемстваў рэспублікі. Аб гэтым паведаміў Першы намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка журналістам на канферэнцыі Міжнароднай асацыяцыі вытворцаў угнаенняў, якая праходзіць з 19 па 21 мая ў Вене.

Ён адзначыў, што Беларуская калійная кампанія займае больш за трэць сусветнага рынку калійных угнаенняў і карыстаецца заслужанай павагай у замежных партнёраў. "Гэта вельмі паспяховы камерцыйны праект, які дэманструе, што ў Беларусі можна эфектыўна рабіць бізнес", - падкрэсліў Уладзімір Сямашка.

Цяпер на сусветным рынку працягваецца рост попыту на калійныя ўгнаенні, абумоўлены ростам спажывання прадуктаў харчавання, развіццём вытворчасці біяпаліва і іншымі фактарамі. Адбываецца таксама аб'ектыўнае падаражэнне вытворчасці калійных угнаенняў, звязанае з павелічэннем цэн на энергарэсурсы, метал і іншыя матэрыялы. Разам з тым, акрамя выгаднай кан'юнктуры, важную ролю ў паспяховым прасоўванні беларускіх калійных угнаенняў адыграла правільна выбудаваная сістэма работы БКК. "Хоць яе работа пачыналася ў даволі складаных умовах, было процістаянне на калійным рынку, з сярэдзіны 2007 года кампанія сапраўды адбылася і з'яўляецца прызнаным лідэрам", - падкрэсліў Уладзімір Сямашка.

"Калі яшчэ ў 2004 годзе мы прадавалі калійныя ўгнаенні на экспарт на цане $150-160 за тону, то цяпер у нас падпісаны кантракты па цане $625-650 за тону і мы ўжо праанансавалі павышэнне цаны на спотавых рынках у бягучым годзе да $1 тыс. за тону", - сказаў Першы віцэ-прэм'ер. Паводле яго слоў, у 2004 годзе ад продажаў 7,1 млн.т беларускіх калійных угнаенняў на экспарт быў выручаны $751 млн. "У 2008 годзе мы перасягнём лічбу $3 млрд. Гэта істотны рост. Такім чынам, паспяховая работа адной кампаніі ў значнай ступені кампенсуе тыя выдаткі, якія Беларусь атрымала з-за павышэння цаны на энергарэсурсы", - дадаў Уладзімір Сямашка.

Першы віцэ-прэм'ер таксама сказаў: "Мы павінны зарабляць не толькі на тым, што вырабляем цяжкай працай у полі і ля станка, але і на эфектыўным продажы прадукцыі". Станоўчы вопыт БКК будзе выкарыстаны ў рабоце створанай год таму ў рэспубліцы Беларускай нафтавай кампаніі. БНК кансалідуе экспарт беларускіх нафтапрадуктаў і ўжо дабілася пэўных поспехаў у гэтым напрамку. Стаіць задача, каб гэта кампанія ў поўным аб'ёме ажыццяўляла і закупкі нафты. "Яшчэ нядаўна нафтапрадукты прадаваліся ў трэція і чацвёртыя рукі, а новая схема продажаў оптам і без пасрэдніка дасць магчымасць атрымаць дадатковы прыбытак", - адзначыў Уладзімір Сямашка. Паводле яго слоў, у Беларусі мэтанакіравана пайшлі на стварэнне вытворчых аб'яднанняў на базе рэспубліканскіх унітарных прадпрыемстваў. У прыватнасці, такія аб'яднанні створаны на базе МАЗа, МТЗ, БМЗ, якія маюць сваю структуру збыту і эфектыўна экспартуюць прадукцыю. Акрамя таго, Беларусь выходзіць з экспартам сваёй прадукцыі ў Венесуэлу і на іншыя новыя рынкі.

Мінеральныя ўгнаенні - калійныя, азотныя і фосфарныя - на ўнутраным рынку Беларусі будуць заставацца датацыйнымі. Аб гэтым паведаміў Першы намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка журналістам на канферэнцыі Міжнароднай асацыяцыі вытворцаў угнаенняў, якая праходзіць з 19 па 21 мая ў Вене.

Ён адзначыў, у прыватнасці, што цана для ўнутраных спажыўцоў Беларусі на калійныя ўгнаенні цяпер складае $46 за тону. У той жа час пры экспарце гэтай прадукцыі краіна выйшла на ўзровень цэн $650 за тону.

Паводле слоў Уладзіміра Сямашкі, "нават у самых развітых краінах сельская гаспадарка датуецца, аднак глыбіня датацый складае ад 15 да 25 працэнтаў, не больш". У Беларусі з улікам ільготнага падаткаабкладання ў сельскай гаспадарцы, прадастаўлення больш танных энерганосьбітаў і іншых мер падтрымкі сельгасвытворцаў глыбіня датацый вагаецца ад 50 да 60 працэнтаў. Праграмай адраджэння вёскі ставіцца задача да 2010 года знізіць узровень дзяржпадтрымкі да 25-30 працэнтаў. "Але мінеральныя ўгнаенні ўсё ж застануцца датацыйнымі на ўнутраным рынку, таму што гэта пытанне важнае для гарантавання харчовай бяспекі краіны", - падкрэсліў Першы віцэ-прэм'ер.

Экспартная выручка ад продажу прадукцыі ВА "Беларуськалій" у 2008 годзе чакаецца ў аб'ёме $2,8-3 млрд. Аб гэтым паведаміў 19 мая журналістам генеральны дырэктар ЗАТ "Беларуская калійная кампанія" Уладзімір Нікалаенка на міжнароднай канферэнцыі ў Вене. Паводле яго слоў, экспартная выручка ад рэалізацыі ўгнаенняў расійскага ААТ "Уралкалій" у бягучым годзе складзе каля $1,7 млрд.

Ён адзначыў, што БКК цяпер - вядучая кампанія на сусветным калійным рынку і экспартуе каля 11,5 млн.т калійных угнаенняў беларускай і расійскай вытворчасці ў год у 45 краін свету. У мінулым годзе экспартная выручка ад рэалізацыі прадукцыі ВА "Беларуськалій" павялічылася ў параўнанні з 2006 годам на $325 млн. і склала $1,325 млрд.

Дэлегацыя Беларускай калійнай кампаніі прымае ўдзел у штогадовай канферэнцыі Міжнароднай асацыяцыі вытворцаў угнаенняў (IFA - International Fertilizer Association) 19-21 мая ў Вене.

Мерапрыемства з'яўляецца буйнейшай падзеяй для сусветнай індустрыі аграхіміі, у якой традыцыйна ўдзельнічаюць вядучыя вытворцы мінеральных угнаенняў, трэйдэры, аграпрамысловыя кампаніі.

На канферэнцыі плануецца абмеркаваць перспектывы развіцця суветнага рынку ўгнаенняў, прааналізаваць тэндэнцыі росту спажывання мінеральных угнаенняў у розных краінах, а таксама іншыя тэмы. Адбудзецца таксама вялікая колькасць круглых сталоў і дзелавых сустрэч, на якіх кампаніі-пастаўшчыкі абмяркуюць з партнёрамі пытанні далейшага супрацоўніцтва і правядуць перагаворы аб заключэнні новых кантрактаў.

Прадстаўнікі ЗАТ "Беларуская калійная кампанія" ўваходзяць у савет і профільныя камітэты Міжнароднай асацыяцыі вытворцаў угнаенняў. БКК правяла 19 мая ў Вене афіцыйны прыём для сваіх партнёраў, у ліку якіх буйнейшыя імпарцёры калійных угнаенняў з Кітая, Індыі і іншых краін. Удзел у гэтым мерапрыемстве прынялі больш за 40 краін. На прэзентацыі БКК прысутнічаў таксама Першы намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка.

ЗАТ "Беларуская калійная кампанія" - эксклюзіўны пастаўшчык калійных угнаенняў вытворчасці РУП ВА "Беларуськалій" (Салігорск) і ААТ "Уралкалій" (г.Беразнікі, Расія) на замежныя рынкі. БКК створана ў 2005 годзе. Кампанія - буйнейшы пастаўшчык на сусветным рынку калійных угнаенняў, які займае больш за трэць яго аб'ёму. Прадукцыя пастаўляецца ў Афрыку, Еўропу, Індыю, Кітай, ЗША, Ціхаакіянскі рэгіён, Цэнтральную і Паўднёвую Амерыку. БКК мае развітую збытавую сетку, мае прадстаўніцтвы ў Пекіне (Кітай), Нью-Дэлі (Індыя), Сінгапуры, Сан-Паўлу (Бразілія), Чыкага (ЗША).

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь