навіна

ад 13.05.2008

Цэнтралізаваныя закупкі металаў у Беларусі будуць ажыццяўляцца праз "Белрэсурсы"

Цэнтралізаваныя закупкі металаў у Беларусі будуць ажыццяўляцца праз "Белрэсурсы"

Цэнтралізаваныя закупкі металаў у Беларусі будуць ажыццяўляцца праз адну юрыдычную асобу - ДА "Белрэсурсы". Аб гэтым паведаміў міністр гандлю Беларусі Аляксандр Іванкоў 13 мая на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, на якім разглядалася выкананне праграмы цэнтралізаваных закупак металапрадукцыі. "Цяпер ідзе падрыхтоўчая работа да арганізацыі з 2009 года цэнтралізаваных закупак металапрадукцыі праз адну юрыдычную асобу - ДА "Белрэсурсы" - з далейшай рэалізацыяй яе праз разгалінаваную сетку металабаз асноўных пастаўшчыкоў", - сказаў ён.

Паводле слоў Аляксандра Іванкова, у самы бліжэйшы час закупкі металапрадукцыі плануецца ажыццяўляць толькі праз трох асноўных пастаўшчыкоў: ААТ "Белметал", РУП "Гомельхімгандаль" і УП "Упраўленне АРГ металапрадукцыяй". У 2008-2009 гадах будзе праведзена акцыяніраванне арганізацый - асноўных пастаўшчыкоў металапрадукцыі.

Міністр гандлю таксама праінфармаваў, што з 1 ліпеня 2008 года ў рэспубліцы будзе арганізавана работа электроннай гандлёвай пляцоўкі па рэалізацыі металапрадукцыі асноўнымі пастаўшчыкамі. Паводле яго слоў, гэта забяспечыць празрыстасць заключаных гандлёвых здзелак.

У цэлым Мінгандаль і ДА "Белрэсурсы" прымаюць меры па ўзмацненню кантролю за работай асноўных пастаўшчыкоў металапрадукцыі. Праверка іх дзейнасці праводзіцца штоквартальна. З мая 2008 года асноўным пастаўшчыкам забаронены закупкі металапрадукцыі ў пасрэдніцкіх арганізацый, нават у мінімальнай колькасці.

Гаворачы аб рэалізацыі праграмы цэнтралізаваных закупак металапрадукцыі ў Беларусі, Аляксандр Іванкоў падкрэсліў, што асноўная яе мэта - упарадкаванне абароту металапрадукцыі - выконваецца. За час дзеяння праграмы (са жніўня 2005 года) палепшылася структура імпарту металапрадукцыі. У 2007 годзе па прамых дагаворах закуплена 69 працэнтаў прадукцыі, на біржы - 19 працэнтаў, у асноўных пастаўшчыкоў - 6 працэнтаў, у пасрэднікаў - 6 працэнтаў. Пры гэтым аб'ём закупак у пасрэднікаў скараціўся ў 10 разоў.

Калі ў 2004 годзе цэны на беларускім рынку на розныя віды металапрадукцыі былі вышэйшыя, чым на расійскім, на 11-30 працэнтаў, то ў першым квартале 2008 года яны былі супастаўныя з расійскімі, адзначыў міністр. Разам з тым ён назваў пэўныя парушэнні парадку закупак. Напрыклад, не ўдалося выключыць усіх неабгрунтаваных пасрэднікаў пры закупцы металапрадукцыі (імі рэалізуецца каля 140 тыс.т металу), асобныя прадпрыемствы наўмысна скажаюць інфармацыю аб закупках.

На думку Аляксандра Іванкова, неабходны яшчэ больш строгі кантроль за дзейнасцю асноўных пастаўшчыкоў металапрадукцыі, прыняцце іншых арганізацыйных і эканамічных мер.

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь