навіна

ад 30.04.2008

Урад Беларусі зацвердзіў новы бюджэт пражытачнага мінімуму

На Рэспубліканскую дошку гонару занесены 39 пераможцаў спаборніцтва 2007 года

Рэспубліканская дошка гонару адкрыта 30 красавіка 2008 года ў Мінску. На яе занесены 39 пераможцаў спаборніцтва 2007 года. Сярод іх па два раёны і гарады, 35 прадпрыемстваў. Намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Андрэй Кабякоў на адкрыцці Рэспубліканскай дошкі гонару падкрэсліў: "2007 год быў адным з самых паспяховых, і мы вызначылі лепшых з лепшых у гэтым паспяховым годзе". За 2007 год вылучаны кандыдаты па ўсіх намінацыях, акрамя абласцей, таму што ніводная вобласць не выканала заданне па развіццю аграпрамысловага комплексу.

У адпаведнасці з Указам нумар 239 ад 29 красавіка першае месца сярод раёнаў аддадзена Смаргонскаму раёну Гродзенскай вобласці, другое - Горацкаму Магілёўскай вобласці. Лідэрамі сярод гарадоў прызнаны Гродна і Віцебск.

Сярод прамысловых арганізацый і арганізацый паліўна-энергетычнага комплексу лепшымі прызнаны ААТ "Мінскі камбінат сілікатных вырабаў", ААТ "Шклоўскі масларобны завод", ЧУП "Пастаўскі мэблевы цэнтр".

ДВА "Мінскбуд" заняло першае месца сярод будаўнічых арганізацый, ААТ "Агракамбінат "Дзяржынскі" і СВК "Кастрычнік-Гродна" - сярод арганізацый аграпрамысловага комплексу.

Вылучэнне кандыдатаў на Дошку гонару ў Беларусі праходзіць ужо дзевяты раз. Асноўныя крытэрыі - выкананне прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, захаванне працоўнай і выканальніцкай дысцыпліцы. Акрамя таго, прадпрыемствы не павінны карыстацца дзяржаўнай падтрымкай.

Занясенне на Рэспубліканскую дошку гонару з'яўляецца формай падтрымкі рэгіёнаў і арганізацый, якія дасягнулі найлепшых вынікаў у сацыяльна-эканамічным развіцці, павышэнні эфектыўнасці вытворчасці, арганізацыі і стымуляванні працы.

Павелічэнне ў Беларусі сярэдняй заработнай платы да $700 у эквіваленце да канца 2010 года зусім рэальнае, -- аб гэтым паведаміў сёння журналістам у Мінску віцэ-прэм'ер Беларусі Андрэй Кабякоў. "Выкананне паказчыка рэальнае. Але для гэтага, паводле папярэдніх разлікаў, штогадовы тэмп эканамічнага росту ў краіне ў 2008-2010 гадах павінен быць не менш як 110 працэнтаў", - падкрэсліў Андрэй Кабякоў.

Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2006-2010 гады памер сярэдняй заработнай платы ў краіне да канца 2010 года планавалася давесці да $500 у эквіваленце. Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу 29 красавіка заявіў, што сярэднюю зарплату ў Беларусі да канца пяцігодкі неабходна давесці да ўзроўню $700.

Андрэй Кабякоў лічыць, што гэта нармальны і своечасовы карэктыў паказчыка па заработнай плаце.

На думку віцэ-прэм'ера, пры разліку эканамічных паказчыкаў у Беларусі трэба ўвогуле адыходзіць ад эквіваленту долара і еўра, а ажыццяўляць усе разлікі ў беларускіх рублях. "І мы гэтым будзем займацца", - сказаў ён. Андрэй Кабякоў лічыць, што "планаванне заработнай платы ў доларах і еўра - гэта, па вялікаму рахунку, стэрэатып". Беларускі рубель сёння даволі моцны, стабільны.

Віцэ-прэм'ер дадаў таксама, што пры разліку паказчыкаў заработнай платы неабходна больш арыентавацца на сацыяльна-працоўныя нарматывы (мінімальны спажывецкі бюджэт, бюджэт пражытачнага мінімуму, колькасць МСБ, у якіх можна змераць заработную плату і іншыя). "Гэта больш рэальныя паказчыкі, якія характарызуюць пакупную здольнасць насельніцтва", - растлумачыў ён.

Андрэй Кабякоў таксам паведаміў журналістам, што Беларусь пры складанні эканамічных прагнозаў на 2009 год арыентуецца на цану расійскага газу ў памеры $140 за 1 тыс.куб.м,

Паводле яго слоў, канчатковая цана на газ будзе сфарміравана ў выніку перагаворнага працэсу. "Можна спадзявацца на лепшае, але рыхтавацца да горшага. Варыянтаў можа быць мноства. Але пакуль у праекце бюджэту на 2009 год цана на газ закладзена на ўзроўні $140 за 1 тыс.куб.м", - адзначыў Андрэй Кабякоў. Ён падкрэсліў: "Гэта рэальная лічба, якая вынікае з тых параметраў, якія разглядаліся бакамі пры падрыхтоўцы пагаднення 2006 года, і мы збіраемся на яго арыентавацца".

Таксама віцэ-прэм'ер паведаміў, што ў расійскай прэсе і з боку кіраўніцтва з'явіліся каментарыі аб тым, што Расія, напэўна, у 2011 годзе не выйдзе на роўнадаходныя цэны па газу. "У сувязі з гэтым незразумела, чаму беларускі бок павінен да гэтага імкнуцца ў яшчэ больш кароткія прамежкі часу", - падкрэсліў ён.

Беларусь і Расія прыпынілі работу па праекту пагаднення аб правілах і прынцыпах прадастаўлення прамысловых субсідый і прымянення мер дзяржаўнай падтрымкі сельскай гаспадаркі. Аб гэтым паведаміў журналістам віцэ-прэм'ер Беларусі Андрэй Кабякоў.

Ён адзначыў, што гэта тэма абмяркоўвалася на пасяджэнні Саюзнага Саўміна 21 сакавіка ў Мінску. Прэм'ер-міністры дзвюх краін прынялі рашэнне аб тым, што весці перагаворы аб субсідыях, аб абмежаванні падтрымкі сельскай гаспадаркі ва ўмовах фактычна сусветнага крызісу прадуктаў харчавання і праблем з харчаваннем у многіх рэгіёнах свету прынамсі не да месца. Ён нагадаў, што расійскі бок у мінулым годзе таксама прымаў меры па стрымлівнню росту цэн на прадукты харчавання.

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь