навіна

ад 29.04.2008

Ветраэнергетыка ў Беларусі павінна развівацца больш інтэнсіўна і на базе ўжо накопленага ў краіне вопыту

Ветраэнергетыка ў Беларусі павінна развівацца больш інтэнсіўна і на базе ўжо накопленага ў краіне вопыту

Аб гэтым заявіў Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, на якім разглядаўся праект праграмы развіцця ветраэнергетычнай галіны Беларусі на 2008-2014 гады. Сяргей Сідорскі адзначыў, што ветраўстаноўкі ўкараняюцца ў Беларусі з 2001 года і пара пераходзіць ад вышукальных работ у гэтай галіне да канкрэтных значных і маштабных праектаў. У замежных краінах дзейнічаюць тысячы ветраўстановак, а ў Беларусі, у адпаведнасці з праектам, да 2014 года прапануецца ўвесці ўсяго 10 ветраўстановак.

"Гэту лічбу неабходна павялічыць у разы, - падкрэсліў Прэм'ер-міністр. - Трэба асвойваць уласную вытворчасць ветраўстановак на базе сучасных тэхналогій і ўкараняць іх".

Кіраўнік Урада даручыў прааналізаваць накоплены ў Беларусі на гэты час вопыт па эксплуатацыі ветраўстановак і на працягу двух тыдняў дапрацаваць праект праграмы па развіццю ветраэнергетычнай галіны.

Неабходна стварыць комплексную праграму, якая будзе адлюстроўваць дзяржаўны падыход у вырашэнні пытанняў выкарыстання альтэрнатыўных крыніц энергіі, падкрэсліў Сяргей Сідорскі.

Паводле яго слоў, было дастаткова часу для вышуканняў у галіне ветраэнергетыкі ў Беларусі, і цяпер неабходна зрабіць справаздачу аб праведзенай рабоце і вызначыць дзяржаўны падыход у вырашэнні задач па развіццю альтэрнатыўных крыніц энергіі. "Праз тры гады газ будзе па цане $400. Няма чаго да 2014 года мераць скорасці ветру - бяры і ўкараняй", - падкрэсліў Прэм'ер-міністр. "Стаўце на вытворчасць мінімум 100 такіх установак. У Германіі, напрыклад, іх больш як 20 тыс.", - дадаў ён.

На думку Прэм'ер-міністра, ветраўстаноўкі, у прыватнасці, могуць укараняцца ў сельскай гаспадарцы, на малых прадпрыемствах і ў іншых сферах. "Сёння мы ствараем суперсучасныя аграрныя падыходы - трэба тут укараняць ветраўстаноўкі і дэманстраваць перадавы вопыт", - сказаў ён.

Як паведаміў старшыня Дзяржстандарту Беларусі Валерый Карашкоў, стварэнне ветраўстановак у Беларусі магутнасцю 15 МВт дасць магчымасць штогод замяшчаць амаль 13 тыс.туп імпартнага паліва. Валерый Карашкоў адзначыў, што новая праграма распрацавана ў адпаведнасці з Дырэктывай нумар 3 "Эканомія і беражлівасць - галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы" і накіравана на павышэнне ўзроўню энергетычнай незалежнасці за кошт выкарыстання ўласных крыніц, а таксама на актывізацыю работы па выпуску ветраэнергетычных установак (ВЭУ). Прапануецца ўдакладніць размяшчэнне пляцовак для будаўніцтва ВЭУ і стварыць схемы найбольш рацыянальнага іх размяшчэння. Паводле слоў Валерыя Карашкова, плануецца ў адпаведнасці з праектам праграмы ўвесці амаль 10 установак агульнай магутнасцю 15 МВт. Яны дадуць магчымасць сумарна выпрацоўваць амаль 44 млн.кВт.гадз электраэнергіі ў год, акупнасць такіх праектаў не перасягае 14 гадоў.

Згодна з разлікамі, ветраўстаноўка магутнасцю 1 МВт на працягу 20 гадоў дае магчымасць замясціць прыкладна 29 тыс.т вугалю. Акрамя таго, скарачаюцца выкіды вуглякіслага газу і іншых рэчываў у атмасферу. "Рэалізацыя на вугляродным рынку аб'ёмаў скарачэння выкідаў парніковых газаў ад запланаванага ветрапарку можа прыносіць дадатковы даход - за 5 гадоў паўмільёна еўра", - сказаў Валерый Карашкоў.

Ён адзначыў, што раней у Беларусі былі ўведзены нямецкія ветраўстаноўкі магутнасцю 250 кВт і 600 кВт у Мядзельскім раёне, за 2007 года імі выпрацавана 1,58 млн.кВт.гадз электраэнергіі. Каэфіцыент выкарыстання гэтых установак 25 працэнтаў, што з'яўляецца нармальным паказчыкам, дадаў ён.

Разам з тым Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі даручыў дапрацаваць прадстаўленую праграму развіцця ветраэнергетычнай галіны. "Гэта праграма павінна быць павялічана ў разы і базіравацца на выкарыстанні накопленага ў Беларусі вопыту і ведаў за мінулыя гады ў галіне ветраэнергетыкі", - падкрэсліў прэм'ер-міністр. Ён адзначыў, што ў рэспубліцы павінна быць асвоена вытворчасць уласнага ветраэнергетычнага абсталявання на базе сучасных тэхналогій.

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь