У рэспубліканскім суботніку 19 красавіка чакаецца ўдзел больш як 5 млн. чалавек
У рэспубліканскім суботніку 19 красавіка, як чакаецца, прымуць удзел больш як 5 млн. чалавек. Аб гэтым паведаміў Намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Аляксандр Косінец сёння на пасяджэнні рабочай групы па падрыхтоўцы і правядзенню суботніка, якую ён узначальвае.
Ён адзначыў, што сёння апошняе арганізацыйнае пасяджэнне, на якім неабходна вызначыць, ці ўсе аб'екты рэспубліканскай, камунальнай і іншых форм уласнасці падрыхтаваны для правядзення гэтага маштабнага мерапрыемства. "Плануецца, што ўдзел у суботніку прымуць больш як 5 млн. грамадзян Беларусі - такой колькасці ўдзельнікаў яшчэ не было", - сказаў Аляксандр Косінец.
Намеснік Прэм'ер-міністра падкрэсліў, што сродкі, заробленыя 19 красавіка, будуць накіраваны на ўмацаванне здароўя дзяцей Беларусі. Так, 50 працэнтаў будзе накіравана на цэнтралізаваную закупку сучасных рэанімабіляў: па два на кожную вобласць і горад Мінск, аднаго - для РНПЦ "Маці і дзіця". Прыкладны кошт аднаго рэанімабіля - Br480 млн. Зношанасць рэанімабіляў у рэспубліцы складае 90 працэнтаў, дадаў Аляксандр Косінец.
Другая палавіна сродкаў застанецца ў распараджэнні аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама - яны будуць выкарыстоўвацца на набыццё медыцынскай тэхнікі (ультрагукавых апаратаў, рэнтгеналагічнага, лабараторнага і відэаэндаскапічнага абсталявання, абсталявання для лячэння рэцінапатыі неданошаных дзяцей, апаратаў для рэгістрацыі отаакустычнай эмісіі нованароджаных) для дзяржаўных арганізацый аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу дзецям. "Усё будзе зроблена для таго, каб у абласных дзіцячых бальніцах дыягнастычнае абсталяванне было на самым сучасным сусветным узроўні, таму што ад гэтага залежаць здароўе і жыццё маленькіх грамадзян нашай краіны", - сказаў Намеснік Прэм'ер-міністра.
Ён адзначыў, што па выніках двух месяцаў 2008 года ў Беларусі ўзровень дзіцячай смяротнасці - адзін з самых нізкіх у свеце. Ён склаў 4,2 праміле, а ў Віцебскай вобласці і Мінску - 2,5-2,7 праміле. "Мы павінны імкнуцца, каб знізіць гэтыя паказчыкі да мінімуму", - падкрэсліў Намеснік Прэм'ер-міністра.
Паводле слоў Аляксандра Косінца, у гэтым годзе на рэспубліканскім суботніку плануецца зарабіць значна больш сродкаў, чым на мінулагоднім. "Чым больш заробім сродкаў, тым больш будзе закуплена абсталявання, тым лепшая будзе матэрыяльна-тэхнічная база аховы здароўя", - сказаў ён, дадаўшы, што суботнік адбудзецца пры любым надвор'і. "Якое б ні было надвор'е, работы хопіць усім", - заўважыў Намеснік Прэм'ер-міністра.
Нагадаем, Урад Беларусі рэкамендаваў органам дзяржкіравання, арганізацыям, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам на добраахвотнай аснове правесці 19 красавіка рэспубліканскі суботнік на рабочых месцах. Замест гэтага можна заняцца добраўпарадкаваннем і прывядзеннем у належны стан сквераў, паркаў, іншых зон масавага адпачынку, праезнай часткі вуліц, тратуараў і дваровых тэрыторый. Адпаведнае рашэнне змяшчаецца ў Пастанове Савета Міністраў ад 7 красавіка 2008 года нумар 517. Дакумент прыняты ў сувязі з аб'яўленнем 2008 года Годам здароўя і ў мэтах падтрымкі прапаноў калектываў арганізацый і мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў аб правядзенні рэспубліканскага суботніка.