Колькасць аперацый па трансплантацыі органаў у Беларусі ў перспектыве павінна павялічыцца да 2 тыс.
У перспектыве ў Беларусі штогод будзе ажыццяўляцца 2 тыс. аперацый па трансплантацыі органаў. Аб гэтым заявіў сёння віцэ-прэм'ер Аляксандр Косінец на нарадзе ў Доме Урада па пытаннях транспланталогіі органаў і тканак, якую ён правёў з урачамі і спецыялістамі ў гэтай сферы.
Як адзначыў Аляксандр Косінец, у краіне на 10 млн. насельніцтва павінна праводзіцца штогод каля 500 аперацый па перасадцы сэрца, 500 - па перасадцы нырак, каля 400 - па перасадцы печані, прыкладна 600 - па перасадцы падстраўнікавай залозы. Такім чынам, у цэлым у Беларусі можа і павінна праводзіцца прыкладна 2 тыс. аперацый па трансплантацыі органаў.
Цяпер, на жаль, іх праводзіцца значна менш. Так, у 2005 годзе ў Беларусі ажыццёўлена 8 перасадак ныркі, у 2006 годзе - 20, у 2007 - 40. 3 сакавіка гэтага года ў Мінску праведзена першая аперацыя па перасадцы печані. "Як бачыце, мы знаходзімся ў самым пачатку развіцця гэтага напрамку", - сказаў Аляксандр Косінец.
"Трэба сямімільнымі крокамі развіваць трансплантацыю сэрца і іншых жыццёва важных органаў і тканак", - сказаў віцэ-прэм'ер.
Ён адзначыў, што развіццё транспланталогіі мае таксама вялікае эканамічнае значэнне. За мяжой кошт такіх аперацый складае $100-300 тыс. Паводле яго слоў, на іх аплату Беларусі "неабходна прыкладна $200-300 млн." у год. "Мы павінны самі выконваць гэтыя аперацыі, а не накіроўваць нашых пацыентаў за мяжу", - лічыць віцэ-прэм'ер. З другога боку, з'явіцца магчымасць пашырыць экспарт медыцынскіх паслуг, дадаў ён.
Аляксандр Косінец паведаміў, што Рэспубліканскі цэнтр трансплантацыі і клетачных біятэхналогій на базе 9-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска будзе поўнасцю здадзены ў эксплуатацыю датэрмінова, да 1 ліпеня 2009 года. Цяпер там ідзе шырокамаштабная рэканструкцыя. На гэтыя мэты накіравана Br92 млрд.
Закрануўшы пытанне падрыхтоўкі спецыялістаў для гэтага цэнтра, віцэ-прэм'ер паведаміў: "З гэтай мэтай мы супрацоўнічаем з сусветнымі хірургамі, што дасць магчымасць нашай краіне забяспечыць укараненне гэтых медыцынскіх тэхналогій у Беларусі".
Паводле слоў Аляксандра Косінца, у канцы 2009 - пачатку 2010 года ў Беларусі пачнуць ажыццяўляцца аперацыі па перасадцы сэрца, у 2010 годзе - падстраўнікавай залозы, а таксама комплекс "лёгкія - сэрца". Такім чынам, "гэта будзе штогод больш як 2 тыс. выратаваных жыццяў", падкрэсліў ён.
Віцэ-прэм'ер адзначыў, што ў Беларусі створана нарматыўна-прававая база, якая забяспечвае эфектыўнае развіццё гэтага напрамку. У сакавіку 2007 года быў прыняты закон аб трансплантацыі органаў і тканак. Законам прадугледжваецца міжнародны абмен органамі і тканкамі на бязвыплатнай аснове ў выпадку, калі знойдзены падыходзячыя донар і рэцыпіент. "У гэтым напрамку мы абавязкова будзем шырока супрацоўнічаць з міжнароднымі арганізацыямі", - падкрэсліў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі.
Кошт дзесяці аперацый па трансплантацыі органаў складзе ў Беларусі больш як $1,4 млн. – аб гэтым паведаміў сёння на нарадзе галоўны кардыяхірург Міністэрства аховы здароўя Беларусі прафесар Юрый Астроўскі.
У рэспубліцы неабходна паскорыць працэс падрыхтоўкі і выканання аперацый па перасадцы органаў, адзначыў Юрый Астроўскі. Ён назваў неабходны аб'ём фінансавання для правядзення такіх аперацый. На абсталяванне патрэбна $911 тыс., на падрыхтоўку спецыялістаў - $120 тыс., на тэрапію - $421 тыс. Разлікі зроблены зыходзячы з правядзення дзесяці аперацый. У выніку іх кошт складзе каля $1,452 млн.
Паводле слоў Юрыя Астроўскага, у Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра кардыялогіі ёсць вялікі вопыт па правядзенню аперацый на сэрцы. Таму цэнтру будзе па сілах выканаць і аперацыі па перасадцы сэрца. РНПЦ кардыялогіі ўжо распрацаваў план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы трансплантацыі сэрца. Будзе створана база даных рэцыпіентаў, якія знаходзяцца ў лісце чакання. Неабходна таксама набыць розныя віды абсталявання, у тым ліку для спецыяльных даследаванняў, кандыцыяніравання донараў. Фарміруюцца групы ўрачоў для стажыроўкі ў клініках за мяжой, дзе праводзяцца аперацыі па перасадцы органаў. Будзе вывучацца вопыт Чэхіі, Германіі, Расіі, Літвы.
Як адзначыў віцэ-прэм'ер Аляксандр Косінец, "мы будзем праводзіць гэтыя аперацыі не дзеля самога працэсу трансплантацыі". Яны павінны быць эфектыўнымі і рэзультатыўнымі, падкрэсліў ён.
Віцэ-прэм'ер прапанаваў Міністэрству аховы здароўя назначыць Анатоля Уса кіраўніком Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра транспланталогіі. "Неабходна, каб ён ужо сёння працаваў там, ствараў базу і займаўся сістэмай арганізацыі, кіравання і каардынацыі ўсіх працэсаў", - сказаў Аляксандр Косінец.
На правядзенне першых 10 аперацый па перасадцы органаў спатрэбіцца амаль $1,5 млн. Але ў гэтай суме больш як $1 млн. прыпадае на абсталяванне, якое будзе затым пастаянна дзейнічаць у цэнтры. Гэты праект будзе забяспечаны фінансаваннем. Такім чынам, "створым наймагутны напрамак у медыцыне, які будзе адпавядаць усім міжнародным стандартам", - адзначыў віцэ-прэм'ер.
У ходзе нарады было дадзена даручэнне МНС і МУС аб забеспячэнні цэнтра верталётамі для дастаўкі і забору органаў. "На гэта ў нас павінна быць не больш як 20-30 мінут", - удакладніў Аляксандр Косінец.
Ён таксама паведаміў, што неабходна ствараць банк даных для транспланталогіі. "Але гэта інфармацыя зусім сакрэтная. Банк даных павінен быць закрытым, ён не падлягае апавяшчэнню. У нас пад абаронай знаходзіцца ўсё насельніцтва краіны", - сказаў Аляксандр Косінец. Пры гэтым ён падкрэсліў, што "тут не павінна быць зусім ніякіх калізій у частцы ажыццяўлення ўсіх мерапрыемстваў, а таксама проціпраўных дзеянняў". Транспланталогія - галіна даволі фінансаваёмістая. У сусветнай практыцы ўзнікалі выпадкі правапарушэнняў у гэтай сферы, што нанесла шкоду здароўю і жыццю людзей. Мы гэтага ніколі не дапусцім, падкрэсліў віцэ-прэм'ер.