У малых гарадах важны не толькі агульныя паказчыкі, але і занятасць канкрэтных людзей
Аб гэтым заявіў Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, дзе абмяркоўвалася выкананне ў мінулым годзе Дзяржаўнай комплекснай праграмы развіцця рэгіёнаў, малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў Беларусі на 2007-2010 гады. Кіраўнік Урада раскрытыкаваў аблвыканкамы, а таксама Міністэрства працы і сацабароны, "якія захапіліся агульнымі паказчыкамі і метадалогіямі, але пры гэтым не ўлічваюць праблемы канкрэтных людзей, у тым ліку беспрацоўных".
У некаторых раёнах стварылі добрыя прадпрыемствы, на якіх арганізаваны новыя рабочыя месцы. За кошт гэтага перавыкананы заданні па занятасці ў цэлым па вобласці. У той жа час у іншым раёне або горадзе гэтай вобласці людзі застаюцца без работы. "Давайце глядзець рэальна, што адбываецца ў рэгіёнах. Мы павінны ўлічваць не толькі агульную статыстыку, але і зняць праблемы беспрацоўя ў канкрэтных населеных пунктах", - падкрэсліў Прэм'ер-міністр.
Сяргей Сідорскі нагадаў, што ў Беларусі пастаўлена амбіцыйная задача: за тры гады ліквідаваць праблемы занятасці ў малых гарадах. "За гэтай праграмай стаяць канкрэтныя раёны, канкрэтныя людзі. Пакуль жа мы статыстыку пішам для сябе, а людзі ў малых гарадах застаюцца са сваімі праблемамі. Кіраўнікі абласцей у гэтай рабоце павінны ісці ад жыцця, не лічыць у кабінетах паказчыкі, а думаць, як даць людзям рэальную работу і належную зарплату", - падкрэсліў кіраўнік Урада. Прэм'ер таксама прапанаваў Мінпрацы і сацабароны ўлічваць не толькі зарэгістраваных беспрацоўных, але і тую рабочую сілу, якая рэальна ёсць у рэгіёнах, але не лічыцца ў цэнтрах занятасці.
Пры гэтым ён удакладніў, што на буйныя прадпрыемствы, якія даюць валавыя паказчыкі рэгіёну, усіх людзей працаўладкаваць немагчыма. Таму праграма павінна развіваць у малых гарадах невялікія прадпрыемствы, якія выпускаюць спажывецкія тавары, народныя промыслы. Таксама размова ідзе аб развіцці сферы паслуг, сэрвісу, усяго, што дае стабільныя рабочыя месцы і прадукцыю, якую будуць спажываць вялікія гарады.
Сяргей Сідорскі лічыць, што праграма развіцця малых гарадоў павінна рэалізоўвацца не ў дадатак да іншых праграм, таксама яе неабходна напоўніць новымі рэальнымі праектамі. Ён заклікаў губернатараў выступаць з прапановамі аб стварэнні новых прадпрыемстваў і вытворчасцей у рэгіёнах.
Урад вядзе маніторынг і будзе штоквартальна адсочваць ход рэалізацыі інвестпраектаў у кожным малым горадзе Беларусі, заявіў міністр эканомікі Мікалай Зайчанка на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна.
Як адзначыў міністр, з 48 найважнейшых інвестыцыйных праектаў праграмы ў 2007 годзе завершана работа на 26 аб'ектах, з апярэджаннем графіка завершана 7. Астатнія 22 аб'екты не ўведзены ў тэрмін.
Мікалай Зайчанка назваў сістэмныя прычыны, якія не далі магчымасць выканаць заданні па праектах. Гэта несвоечасовая падрыхтоўка праектна-каштарыснай дакументацыі, у выніку чаго затраты на аб'екты аказаліся вышэйшыя за плануемыя. Былі цяжкасці з фінансаваннем. Некаторыя прадпрыемствы (Маларыцкі хлебазавод, Нясвіжскі завод медпрэпаратаў) не атрымалі своечасова крэдыты на рэалізацыю праектаў. Частка прынялі рашэнне аб пераносе тэрмінаў уводу ў эксплуатацыю на больш позні час, сярод якіх ІП "Завод фруктовых напіткаў" у г.Высокае Брэсцкай вобласці. Аднак гэта прадпрыемства прапануе рэалізаваць яшчэ адзін праект, які дасць магчымасць у тры разы павялічыць прыток інвестыцый. Таксама, паводле слоў Мікалая Зайчанкі, не выконвалі заданні і падрадныя арганізацыі. У цэлым у 2007 годзе па праграме выканана 55 мерапрыемстваў з запланаваных 62.
Міністр эканомікі адзначыў, што добрыя паказчыкі дасягнуты па зніжэнню ўзроўню беспрацоўя ў рэгіёнах, стварэнню новых рабочых месц і павышэнню сярэдняй заработнай платы. Напрыклад, створана больш за 28 тыс. новых рабочых месц, што больш як на 7 тыс. месц перавысіла заданне.
У 2008 годзе будзе выконвацца 60 праектаў праграмы. Да іх дабавяцца і не завершаныя ў мінулым годзе. "Мы стварылі ўсе перадумовы, каб у гэтым годзе працаваць лепш", - адзначыў Мікалай Зайчанка. Ён таксама падкрэсліў, што ўрад распрацаваў сістэму кантролю выканання праграмы. Кіраўнікі раёнаў будуць несці адказнасць як за праведзеную работу, так і за недагляды.
Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі падкрэсліў, што ўжо цяпер урад мае права патрабаваць са старшынь райвыканкамаў, як выкананы праекты ў іх рэгіёнах. Існуючая сітуацыя патрабуе дэтальнага адсочвання гэтай работы, падкрэсліў Прэм'ер, дадаўшы, што таму і будзе ўводзіцца паквартальны маніторынг выканання праграмы.
Кіраўнік Урада звярнуў увагу на тое, што часта аблвыканкамы пачынаюць рэалізацыю праектаў, не ўзгадніўшы іх з міністэрствамі.
У якасці прыкладу абмяркоўваўся праект на Слонімскім аўтарамонтным заводзе, дзе плануецца стварыць зборачную вытворчасць машын хуткай дапамогі на базе шасі чэшскіх аўтамабіляў. У канцы мінулага года на гэты праект было накіравана Br3,5 млрд. з інавацыйнага фонду Мінтранса, на гэты час Br2,8 млрд. ужо асвоена. Доследны ўзор машыны хуткай дапамогі створаны. Плануецца, што яшчэ каля Br3 млрд. унясуць чэшскія інвестары. Аднак у інвестыцыйнай праграме Мінтранса гэтага праекта няма, а Гродзенскі аблвыканкам зацікаўлены ў яго рэалізацыі. У сувязі з гэтым Сяргей Сідорскі заклікаў разабрацца, як будзе рэалізоўвацца праект, з улікам паставак на ўнутраны рынак і на экспарт.