навіна

ад 02.04.2008

Выкарыстанне біягазавых установак у Беларусі будзе пашырана

Выкарыстанне біягазавых установак у Беларусі будзе пашырана

У Беларусі пашырыцца выкарыстанне біягазавых установак, паведаміў Намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Аляксандр Косінец на нарадзе ў Нацыянальнай акадэміі навук. Паводле яго слоў, біягазавыя ўстаноўкі шырока выкарыстоўваюцца ў многіх краінах свету. Яны забяспечваюць утылізацыю адходаў з атрыманнем электраэнергіі і цяпла, даюць магчымасць вырашаць не толькі эканамічныя, але і экалагічныя праблемы. Напрыклад, у Германіі працуе 2,5 тыс. такіх агрэгатаў, штогод гэта краіна плануе ўстанаўліваць 250 новых біягазавых установак. "Мы таксама павінны паступова пашыраць выкарыстанне біягазавых установак на прадпрыемствах рэспублікі, - сказаў Аляксандр Косінец. - Гэты напрамак перспектыўны для нашай энергетыкі, бо 1 куб.м біягазу роўны 2 кВт/гадз электраэнергіі".

Віцэ-прэм'ер адзначыў, што ў бліжэйшы час у Беларусі будуць асвоены біятэхналогіі, якія дадуць магчымасць выпускаць новыя віды прадукцыі для розных галін народнай гаспадаркі, у тым ліку медыцыны. Так, у Віцебску пачне работу магутная фабрыка па выпуску розных лекавых прэпаратаў. На стварэнне гэтага аб'екта накіравана больш як Br150 млрд. Цяпер на фабрыцы ўстаноўлена 13 сучасных тэхналагічных ліній па выпуску біяпрэпаратаў, у перспектыве плануецца стварыць яшчэ 10, удакладніў Аляксандр Косінец. Гэта дасць магчымасць у некалькі разоў павялічыць аб'ём выпуску біяпрадукцыі - вакцын, сываратак, дабавак, плазм. Яны будуць рэалізоўвацца не толькі на ўнутраным, але і знешніх рынках.

Новыя тэхналогіі будуць таксама асвоены ў Навукова-даследчым інстытуце эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, на мадэрнізацыю якога накіравана больш як Br60 млрд. З дапамогай сучаснага абсталявання спецыялісты гэтай навуковай установы змогуць выкарыстоўваць новыя метады дыягностыкі і лячэння розных захворванняў чалавека, распрацоўваць высокаэфектыўныя прэпараты для сельскай гаспадаркі.

Не менш як 15 буйных прамысловых прадпрыемстваў па выпуску біяпрэпаратаў будзе створана ў Беларусі ў бліжэйшы час, паведаміў сёння журналістам Намеснік прэм'ер-міністра Аляксандр Косінец. На новых аб'ектах будуць вырабляцца сучасныя канкурэнтаздольныя біяўгнаенні, біядабаўкі, біякансерванты, біяпестыцыды, біясывараткі.

Аляксандр Косінец адзначыў, што работа па стварэнню новых заводаў і фабрык па вытворчасці такіх прэпаратаў актыўна вядзецца. Так, у Драгічыне будзе створаны новы завод па выпуску кукурузнай патакі, у Віцебску з'явіцца сучасная фабрыка, якая зможа вырабляць амаль 50 працэнтаў усёй прадукцыі фармацэўтычнай галіны Беларусі. Вырашаецца пытанне аб будаўніцтве новага завода па вытворчасці інфузійных раствораў у Нясвіжы. Акрамя таго, на базе Інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі арганізуюцца новыя вытворчасці біяўгнаенняў, біядабавак, біяпестыцыдаў. Новая вытворчасць з'явіцца на базе прадпрыемства "Белмедпрэпараты".

Акрамя таго, распрацоўваецца новая дзяржпраграма па біятэхналогіях. Мерапрыемствы гэтага дакумента накіраваны на стварэнне сучасных вучэбна-навукова-вытворчых комплексаў, на якіх будуць устаноўлены біятэхналагічныя лініі па выпуску прэпаратаў у галіне біяэкалогіі, медыцыны, аховы раслін і жывёл. "Праграма дасць магчымасць вырашыць найбольш актуальныя пытанні энергабяспекі, якія стаяць сёння ў краіне", - сказаў Аляксандр Косінец.

Паводле слоў віцэ-прэм'ера, у свеце рынак біятэхналогій ацэньваецца ў $500 млрд. У Беларусі ёмістасць фармацэўтычнага рынку складае $452 млн. "Пры гэтым мы вырабляем сваю прадукцыю ў аб'ёме ўсяго $80 млн., а астатняе імпартуем", - канстатаваў ён. У краіну пастаўляецца амаль 70 працэнтаў прэпаратаў аховы жывёл, 90 працэнтаў усяго аб'ёму сродкаў па ахове раслін, якія выкарыстоўваюцца ў рэспубліцы (пестыцыды, гербіцыды). Асаблівай увагі патрабуе такі напрамак, як фітатэрапія. Рынак фітапрэпаратаў у Беларусі ацэньваецца ў $3 млн. Пры гэтым вырабляецца ў краіне прадукцыя ў аб'ёме $100 тыс. У перспектыве для нарошчвання аб'ёмаў фітапрадукцыі магутныя айчынныя вытворчасці будуць створаны на базе такіх прадпрыемстваў, як "Дыялек" і "Экзон".

"Стварэнне новых вытворчасцей і прадпрыемстваў у Беларусі па выпуску біяпрэпаратаў дасць магчымасць палепшыць якасць жыцця насельніцтва Беларусі, вырашыць пытанні харчовай, энергетычнай, дэмаграфічнай бяспекі", - падкрэсліў Аляксандр Косінец.

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь