навіна

ад 01.04.2008

Беларусь і Хабараўскі край падпісалі пратакол аб супрацоўніцтве


Беларусь і Хабараўскі край падпісалі пратакол аб супрацоўніцтве

Хабараўскі край зацікаўлены ў закупцы беларускай тэхнікі, заявіў сёння намеснік старшыні Урада Хабараўскага края - міністр эканамічнага развіцця і знешніх сувязей Аляксандр Левінталь на сустрэчы з віцэ-прэм'ерам Беларусі Віктарам Бурам. Урадавая дэлегацыя Хабараўскага края цяпер знаходзіцца з візітам у Беларусі.

Як адзначыў Віктар Бура, візіт расійскіх гасцей надасць дадатковы імпульс развіццю двухбаковага супрацоўніцтва, асабліва ў гандлёва-эканамічнай сферы. "Ёсць узаемныя інтарэсы, якія ў перспектыве могуць выявіцца ў канкрэтных праектах", - сказаў ён.

Як адзначыў Аляксандр Левінталь, Мінфін Расіі апошнім часам выдзяляе дастаткова вялікія сродкі на развіццё Далёкага Усходу. У прыватнасці, на фінансаванне Хабараўскага края з расійскага бюджэту на 2008-2013 гады будуць выдзелены 42 млрд. расійскіх рублёў. Сродкі пойдуць на будаўніцтва дарог, развіццё інфраструктуры края. "А для гэтага неабходны тэхніка і абсталяванне, якія мы маем намер купляць у Беларусі", - сказаў Аляксандр Левінталь. Акрамя таго, кар'ерныя самазвалы "БелАЗ" патрэбны для горназдабыўной галіны края. Гэты рэгіён таксама мае патрэбу і ў трактарах "Беларус". Акрамя таго, многія гандлёвыя прадпрыемствы ў рэгіёне рэалізуюць прадукцыю беларускай лёгкай прамысловасці, у тым ліку гэта фірменныя магазіны "Белвест".

Паводле слоў намесніка старшыні Урада Хабараўскага края, транспартныя расходы на пастаўку прадукцыі стрымліваюць рост тавараабароту паміж Беларуссю і Хабараўскім краем. Але ў рыначнай эканоміцы галоўны ўпор робіцца на якасць - гэты фактар і павінен пераважаць у гандлёва-эканамічных адносінах паміж Беларуссю і расійскім рэгіёнам, сказаў Аляксандр Левінталь.

Сёння таксама ў Доме Урада бы ў падпісаны Пратакол аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Хабараўскага края Расійскай Федэрацыі на 2008-2010 гады. Подпісы пад гэтым дакументам паставілі віцэ-прэм'ер Беларусі Віктар Бура і намеснік старшыні ўрада Хабараўскага края - міністр эканамічнага развіцця і знешніх сувязей Аляксандр Левінталь.

Пратакол падпісаны ў ходзе візіту ўрадавай дэлегацыі Хабараўскага края ў Беларусь 31 сакавіка - 3 красавіка ў мэтах далейшай актывізацыі і паглыблення ўзаемнага супрацоўніцтва.

Хабараўскі край можа стаць лагістычным цэнтрам для беларускіх тавараў на Далёкім Усходзе. Аб гэтым заявіў намеснік старшыні Урада Хабараўскага края РФ - міністр эканамічнага развіцця і знешніх сувязей Аляксандр Левінталь сёння па выніках перагавораў у Доме Урада з віцэ-прэм'ерам Беларусі Віктарам Бурам.

Як адзначыў расійскі госць, цяпер гандлёва-эканамічныя адносіны паміж Беларуссю і Хабараўскім краем напоўнены новым зместам. "У Хабараўскім краі з'явіліся ўласныя рэсурсы для закупкі беларускай прадукцыі, у прыватнасці тралейбусаў, ліфтаў, трактароў і іншай тэхнікі, - сказаў Аляксандр Левінталь. - Беларускія тавары вядомы на расійскім рынку сваёй высокай якасцю. І сёння мы пераканаліся, што вытворцы з Беларусі гатовы нарошчваць пастаўкі гэтай прадукцыі ў наш рэгіён". На думку намесніка старшыні ўрада Хабараўскага края, гэта дасць магчымасць сур'ёзна павялічыць аб'ём узаемнага тавараабароту. Акрамя таго, перспектыўнае ў Хабараўскім краі стварэнне сумесных вытворчасцей, што дасць магчымасць актыўна прасоўваць беларускую прадукцыю ў іншыя вобласці далёкаўсходняга рэгіёну.

Як паведаміў віцэ-прэм'ер Беларусі Віктар Бура, у ходзе сустрэчы абмяркоўваліся схемы паставак беларускай прадукцыі ў Хабараўскі край. Дасягнута дамоўленасць працаваць без пасрэднікаў шляхам узбуйнення партый паставак беларускіх тавараў з цэнтральных рэгіёнаў Расіі ў далёкаўсходнія. Гэта дасць магчымасць знізіць цэны і зрабіць тавар больш даступным, растлумачыў Віктар Бура.

Тавараабарот паміж Рэспублікай Беларусь і Хабараўскім краем у 2007 годзе склаў $6,6 млн., экспарт - $5,8 млн., імпарт - $0,8 млн. Пры гэтым сальда гандлёвага балансу склалася дадатнае ў памеры $5 млн. Па выніках 2007 года сярод рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі Хабараўскі край па тавараабароту займае 67-е месца. У 2007 годзе тавараабарот Беларусі з гэтым расійскім рэгіёнам знізіўся да 75,4 працэнта да ўзроўню 2006 года.

Аснову беларускага экспарту ў Хабараўскі край у 2007 годзе склалі: мэбля, малочная прадукцыя, грузавыя аўтамабілі, станкі для апрацоўкі дрэва, гатовыя тэкстыльныя вырабы, пліты, лісты і палосы з пластмас, шпалеры, соль і абутак. З Хабараўскага края ў Беларусь у 2007 годзе імпартаваліся пральныя машыны, трубы і трубкі з чорных металаў, механічныя ўстройствы для распылення вадкасцей, машыны і механізмы, якія маюць індывідуальныя функцыі.

У студзені 2008 года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2007 года адзначана высокая дынаміка росту двухбаковага тавараабароту. Яго аб'ём склаў $977 тыс. і павялічыўся ў параўнанні са студзенем 2007 года ў 3,4 раза. Экспарт дасягнуў $935 тыс. і ўзрос у 3,3 раза, імпарт - $42 тыс. Асноўныя таварныя пазіцыі экспарту з Беларусі ў Хабараўскі край у студзені 2008 года склалі ліфты і ліфтавае абсталяванне на суму $309,3 тыс., малочная прадукцыя - на $213 тыс., машыны і механізмы для перамяшчэння і планіроўкі - на $94 тыс., шыны і пакрышкі - на $92,7 тыс.

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь