навіна

ад 26.03.2008

Урад пераходзіць да шырокага выкарыстання эканамічных метадаў для дасягнення намечаных у 2008 годзе вынікаў

Урад пераходзіць да шырокага выкарыстання эканамічных метадаў для дасягнення намечаных у 2008 годзе вынікаў

Аб гэтым заявіў Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на пасяджэнні Савета Міністраў. Ён нагадаў, што, выконваючы сумесны план дзеянняў з Нацыянальным банкам, Урад паставіў задачу па выхаду на верхнюю мяжу росту ВУП - 111 працэнтаў да ўзроўню 2007 года. "Гэта наш арыенцір. Мы павінны перавысіць устаноўлены прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця, дзе рост ВУП вызначаны на ўзроўні 109 працэнтаў", - падкрэсліў Прэм'ер-міністр. Па выніках студзеня тэмп росту ВУП Беларусі склаў 108,3 працэнта да аналагічнага перыяду 2007 года, за два месяцы - 109,9 працэнта.

Беларускі інавацыйны фонд узмоцніць уплыў на мадэрнізацыю прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі рэспублікі, паведаміў Прэм'ер-міністр Беларусі.

Ён адзначыў, што Кіраўнік дзяржавы падпісаў указ аб удасканаленні дзейнасці Беларускага інавацыйнага фонду. Гэты дакумент будзе важным механізмам паляпшэння інвестыцыйных працэсаў у краіне, падкрэсліў кіраўнік Урада.

За апошні год, нагадаў Прэм'ер, быў прыняты шэраг дакументаў, накіраваных на павышэнне інвестыцыйнай прывабнасці Беларусі і істотнае змяненне ўмоў вядзення бізнесу ў краіне. У іх ліку - праграма развіцця малых і сярэдніх гарадоў, Дэкрэт нумар 1, якія прадастаўляе прэферэнцыі інвестарам у малых гарадах, а таксама праграмы развіцця турызму і іншых сфер дзейнасці. "Такім чынам, мы прайшліся па ўсіх галінах эканомікі і далі магчымасць развівацца ўсім прадпрыемствам", - падкрэсліў Сяргей Сідорскі.

У 2007 годзе тэмп росту інвестыцый у эканоміку Беларусі склаў 136 працэнтаў да 2006 года. Пры гэтым прыцягнута $5,4 млрд. замежных інвестыцый, у тым ліку $1,3 млрд. прамых. На бягучы год урад таксама ўстанавіў высокія параметры. Разам з тым, на думку Сяргея Сідорскага, прыцягненне прамых інвестыцый, асабліва па лініі міністэрстваў і канцэрнаў, пакуль што застаецца слабым звяном. Пры гэтым замежныя інвестыцыі часцей за ўсё ідуць у недзяржаўны сектар эканомікі. У сувязі з гэтым аблвыканкамам неабходна "больш уважліва паглядзець, наколькі эфектыўна выконваюцца праекты на недзяржаўных прадпрыемствах", лічыць ён.

Інфляцыя ў Беларусі ў першым квартале 2008 года складзе 3,7 працэнта. Аб гэтым паведаміў міністр эканомікі Мікалай Зайчанка на пасяджэнні Савета Міністраў Беларусі. Ён адзначыў, што ў сакавіку інфляцыя чакаецца на ўзроўні 0,5 працэнта (на 20 сакавіка яна склала 0,3 працэнта).

Мікалай Зайчанка нагадаў, што ў студзені індэкс спажывецкіх цэн у рэспубліцы склаў 102,5 працэнта, у лютым - 100,7 працэнта. "У сувязі з захаваннем інфляцыйнай пагрозы з-за знешніх фактараў Урад ужо ў пачатку года прыняў неабходныя папераджальныя меры. Па першаму кварталу мы блізкія да прагнозных значэнняў", - сказаў міністр эканомікі.

У цэлым у 2008 годзе ставіцца задача ўтрымаць інфляцыю на ўзроўні не вышэй за 8 працэнтаў. "Задача па дасягненню гэтага параметра застаецца вельмі напружанай", - падкрэсліў Мікалай Зайчанка.

Ён растлумачыў, што ў Міністэрстве эканомікі і ва ўрадзе знаходзяцца прапановы шэрага міністэрстваў (Мінэнерга, Мінжылкамгаса, Мінсельгасхарча і іншых) па павышэнню цэн і тарыфаў. Аднак калі ўсе гэтыя прапановы прыняць, то ўзровень інфляцыі мог бы скласці не 8 працэнтаў, а 16-20 працэнтаў. Таму падыход Мінэканомікі будзе вельмі ўзважаны і жорсткі. Будуць прымацца меры для забеспячэння бясстратнай работы прадпрыемстваў. "Але мы не пойдзем на кратнае павышэнне цэн і тарыфаў", - падкрэсліў міністр эканомікі.

Дадатнае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі ў Беларусі ў студзені-лютым бягучага года складзе, як чакаецца, амаль $40 млн., --

паведаміў міністр эканомікі. Паводле папярэдніх ацэнак, у першым квартале дадатнае сальда захаваецца і складзе амаль $20 млн., дадаў ён.

Мікалай Зайчанка нагадаў, што за студзень бягучага года аб'ём знешняга гандлю Беларусі ўзрос на 59,2 працэнта, у тым ліку экспарт - на 71,8 працэнта, імпарт - на 48,7 працэнта. Сальда за першы месяц склалася дадатнае ў памеры $33,4 млн. Аднак, паводле слоў міністра эканомікі, не трэба пераацэньваць гэты вынік, таму што параўнанне праводзіцца са студзенем 2007 года, калі быў разгар энергетычнага канфлікту з расійскім бокам (адмоўнае сальда за першы месяц мінулага года складала амаль $300 млн.). У бягучым годзе запланавана адмоўнае сальда знешняга гандлю ў межах $1,4 млрд. супраць $2,7 млрд. у 2007 годзе. "У гэтым зніжэнні неабходна пагасіць патэнцыял росту цаны энерганосьбітаў, які прадаўжаецца ў бягучым годзе, праўда больш ашчаджальнымі тэмпамі", - сказаў Мікалай Зайчанка.

Паводле яго слоў, важна правільна ацэньваць змяненні структуры экспартна-імпартных аперацый. Аналіз паказвае, што, як і ў 2007 годзе, у студзені бягучага года павелічэнне вартасных аб'ёмаў знешняга гандлю ў большай ступені абумоўлена рухам цэн, а не патокаў таварнай масы, дадаў міністр. У якасці станоўчага фактару Мікалай Зайчанка адзначыў, што па групе інвестыцыйных і спажывецкіх тавараў, а таксама іншых прамежкавых тавараў (за выключэннем энергетычных) забяспечана дадатнае сальда ў памеры $108 млн., $35 млн. і $7 млн. адпаведна, тады як у студзені 2007 года сальда па гэтых групах было адмоўнае.

Міністр эканомікі канстатаваў, што задачы ў галіне росту экспарту паслуг выконваюцца. Так, за студзень экспарт беларускіх паслуг узрос на 36,3 працэнта, у тым ліку транспартных - на 33,7 працэнта, турыстычных - на 69,5 працэнта, камп'ютэрных - на 72,8 працэнта, сувязі - на 22,2 працэнта.

Паводле яго слоў міністра эканомікі ў Беларусі ў 2008 годзе будзе ажыццяўляцца 149 інвестыцыйных праектаў з прыцягненнем замежных інвестыцый. Агульны кошт праектаў складзе $1,6 млрд.

Ён адзначыў, што ўказам нумар 168 ад 21 сакавіка 2008 года вызначаны меры дзяржаўнай падтрымкі для юрыдычных асоб, якія рэалізуюць асабліва важныя інвестпраекты з прыцягненнем знешніх пазык. Рэалізацыя ўказа разам з прынятымі ў рэспубліцы заканадаўчымі актамі па паляпшэнню інвестыцыйнага клімату дасць магчымасць нарошчваць інвестыцыі ў эканоміку Беларусі. Неабходна забяспечыць прыцягненне ў інвестыцыйныя працэсы тых арганізацый, якія ўваходзяць у склад органаў дзяржкіравання, дадаў міністр.

Мікалай Зайчанка канстатаваў, што ў плане інвестыцый у асноўны капітал 2008 год пачаўся не лепшым чынам. Так у студзені тэмп росту інвестыцый склаў 97,1 працэнта да ўзроўню аналагічнага перыяду 2007 года. Па выніках двух месяцаў сітуацыя змянілася ў лепшы бок, на развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы ў асноўны капітал накіравана Br3,2 трлн., або 112,1 працэнта да ўзроўню студзеня-лютага мінулага года. Сур'ёзны ўклад у забеспячэнне гэтых паказчыкаў унеслі Мінэнерга (тэмп росту інвестыцый 135,5 працэнта), Мінсувязі (153,9 працэнта), Мінтранс (171,2 працэнта). Разам з тым адстаюць ад устаноўленых заданняў Мінпрам, Мінбудархітэктуры, "Белнафтахім", "Беллегпрам", "Белдзяржхарчпрам", а таксама Мінск і Мінская вобласць. У сувязі з гэтым, паводле ацэнкі Мінэканомікі, у першым квартале тэмп росту інвестыцый таксама застанецца на ўзроўні 112 працэнтаў да адпаведнага перыяду 2007 года.

Паводле слоў міністра эканомікі, пэўныя тэндэнцыі ў сферы інвестыцый ёсць. І па выніках 2008 года ў Беларусі можа быць дасягнуты тэмп росту інвестыцый у асноўны капітал 123 працэнты. Разам з тым, калі запланаваныя паказчыкі па прыросту інвестыцый у сістэме Мінпрама і Мінбудархітэктуры па выніках 2008 года не будуць дасягнуты, то ў рэспубліцы будзе складана выйсці ў цэлым на тэмпы росту інвестыцый на ўзроўні 125 працэнтаў, лічыць Мікалай Зайчанка.

Тым часам, Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на пасяджэнні Савета Міністраў рэзка крытыкаваў работу па прыцягненню інвестыцый у асноўны капітал.

Па выніках першага квартала чакаецца, што тэмп росту інвестыцый складзе не больш як 112 працэнтаў да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года. Пры гэтым кіраўнік Урада нагадаў, што па выніках бягучага года гэты паказчык павінен скласці 125 працэнтаў.

Сяргей Сідорскі адзначыў марудныя тэмпы прыцягнення інвестыцый на прадпрыемствах Міністэрства прамысловасці, Мінбудархітэктуры, канцэрна "Беллегпрам", а таксама горада Мінска. Студзень-люты 2008 года паказаў, што Мінпрам, напрыклад, прыцягнуў усяго толькі 65 працэнтаў інвестыцый да аналагічнага ўзроўню мінулага года. У Мінску гэты паказчык склаў 93 працэнты. "Калі нават у сталіцы не можам прыцягнуць інвестыцыі, то што можна гаварыць аб іншых аб'ектах. Чаму гэта работа ўпушчана ў студзені-лютым? - спытаў Сяргей Сідорскі. - Аблвыканкамы таксама не выканалі свае праграмы за два месяцы".

Ён нагадаў, што ў 2008 па дзяржаўнай праграме інавацыйнага развіцця неабходна пабудаваць 252 прамысловыя аб'екты, на што з розных крыніц будзе накіравана Br4,8 трлн. "Гэта будуць прадпрыемствы з новымі тэхналогіямі і новымі вытворчасцямі", - адзначыў кіраўнік Урада.

Аднак работа па рэалізацыі гэтых праектаў выклікае сур'ёзныя пытанні, дадаў ён. У Беларусі цяпер вядзецца маніторынг бізнеспланавання на 5744 прадпрыемствах, але толькі 1759 пачалі рэалізацыю інвестпраектаў, хоць урад далажыў, што ўсе. "На справе выходзіць, што не ўсё так", - падкрэсліў Сяргей Сідорскі. У Мінтрансе толькі 48 працэнтаў прадпрыемстваў пачалі мадэрнізацыю вытворчасці, у канцэрне "Беллегпрам" - 49 працэнтаў. У горадзе Мінску з 437 толькі 135 займаюцца інвестыцыйнай і інавацыйнай дзейнасцю.

"Чаго ж вартая наша работа, калі мы не выконваем узятыя на сябе абавязацельствы?" - задаў рытарычнае пытанне Сяргей Сідорскі. Работа міністэрстваў павінна заключацца не ў колькасці справаздач і папер, неабходна дайсці да кожнага прадпрыемства, інавацыйныя і інвестыцыйныя праекты павінны выконвацца на кожным з іх, падкрэсліў кіраўнік Урада.

Рост ВУП у Беларусі неабходна забяспечыць без павелічэння спажывання энергіі, заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі. Звяртаючыся да кіраўнікоў міністэрстваў і ведамстваў, ён задаў пытанне: "Як будзем павялічваць валавы ўнутраны прадукт без дадатковага прыцягнення энергарэсурсаў і крыніц для рэалізацыі ў цэлым комплексу мерапрыемстваў па дасягненню росту ВУП на 11 працэнтаў?".

Паводле яго слоў, Урадам былі прыняты ўсе неабходныя меры і праграмы па энергазберажэнню. Аднак вынікі студзеня-лютага 2008 года паказалі, што энергаёмістасць ВУП не знізілася. Сяргей Сідорскі нагадаў, што прагнозам на 2008 год прадугледжана змяншэнне энергаёмістасці ВУП не менш як на 8 працэнтаў.

Урад улічыў довады энергетыкаў, у выніку на першы квартал 2008 года даведзены паказчык энергаёмістасці ВУП плюс 1,5 працэнта. Аднак за студзень атрыманы адмоўны вынік: энергаёмістасць узрасла на 3,9 працэнта. Такім чынам, энергаёмістасць ВУП у краіне расце больш высокімі тэмпамі, чым прадугледжвалася, канстатаваў Прэм'ер. "Тлумачэнняў, як заўсёды, дастаткова, - падкрэсліў кіраўнік урада. - Але меры па энергаэфектыўнасці па шэрагу рэгіёнаў, міністэрстваў, канцэрнаў прыняты відавочна недастатковыя". Ён запатрабаваў адкрыта выяўляць недахопы і выходзіць з прапановамі па вырашэнню праблем энергаэфектыўнасці.

Акрамя таго, падкрэсліў Прэм'ер, Урад Беларусі чакае ад Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання праграмы дзеянняў па выкананню ў 2008 годзе намечаных прагнозных паказчыкаў для сельскай гаспадаркі ў адпаведнасці з праграмай адраджэння і развіцця вёскі.

Ён адзначыў, што такое даручэнне Урад даваў галіноваму ведамству і Міністэрству эканомікі яшчэ два месяцы таму. Аднак праграма да гэтага часу не ўнесена на разгляд Урада.

Неабходнасць гэтага дакумента прадыктавана тым, што цяпер не вырашаны ўсе пытанні ў сельскагаспадарчым сектары. За студзень-люты бягучага года тэмпы росту вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі фактычна склалі 106,4 працэнта пры прагнозе на год 108,5 працэнта. Прагноз не выканала ніводная вобласць рэспублікі.

Як адзначыў на пасяджэнні Саўміна міністр эканомікі Мікалай Зайчанка, Мінсельгасхарч па прывычцы тлумачыць гэтыя вынікі станам дамашніх гаспадарак насельніцтва. Там вытворчасць прадукцыі скарачаецца ўжо шмат гадоў, і за два месяцы бягучага года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года яна зменшылася яшчэ на 5,6 працэнта. Высокімі тэмпамі скарачаецца таксама пагалоўе жывёлы.

Заданне па будаўніцтву жылля ў першым квартале павінны выканаць усе вобласці, заявіў Сяргей Сідорскі на пасяджэнні Савета Міністраў. Ён канстатаваў, што за два месяцы 2008 года будаўніцтва жылля ў Беларусі знізілася на 82 тыс.кв.м. "Нас запэўніваюць, што за першы квартал будаўнікі выйдуць на запланаваны паказчык. Але хацелася б, каб на запланаваныя прагнозы выйшла кожная вобласць і горад Мінск. У цэлым за год неабходна пабудаваць у Беларусі 5,2 млн.кв.м жылля", - падкрэсліў кіраўнік Урада.

Сяргей Сідорскі нагадаў, што нядаўна Мінбудархітэктуры атрымала адмоўную ацэнку Кіраўніка дзяржавы. У гэтым ведамстве адзначана шмат недахопаў і парушэнняў - у цэнаўтварэнні, нарматыўным размеркаванні прыбытку, фарміраванні жыллёвых кааператываў. "Гэтыя пытанні трэба зняць хутка і неадкладна", - адзначыў Прэм'ер.

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь