навіна

ад 19.03.2008

Перапрацоўчыя прадпрыемствы ў пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС раёнах павінны аднавіць работу

Перапрацоўчыя прадпрыемствы ў пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС раёнах павінны аднавіць работу

Аб гэтым заявіў Прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў. Кіраўнік беларускага Урада звярнуў увагу на тое, што пры рэалізацыі праграм пераспецыялізацыі ў такіх рэгіёнах "павінен быць раскрыты ўвесь тэхналагічны ланцужок, пачынаючы ад нарыхтоўкі сыравіны і завяршаючы атрыманнем чыстай прадукцыі". Сяргей Сідорскі падкрэсліў, што дзяржава ўкладвае вялікія сродкі (больш як Br625 млрд.) у 2008 годзе на вырашэнне чарнобыльскіх праблем, і гэтыя "грошы павінны даваць аддачу, прадпрыемствы павінны працаваць".

Як паведаміў міністр па надзвычайных сітуацыях Энвер Барыеў, у 2007 годзе праводзіліся мерапрыемствы па пераспецыялізацыі 39 найбольш праблемных па вытворчасці нарматыўна чыстай прадукцыі гаспадарак Гомельскай і Магілёўскай абласцей. У 27 з іх пераспецыялізацыя завершана, забяспечана значная вытворчасць прадукцыі з паніжанай колькасцю радыенуклідаў.

На вырашэнне чарнобыльскіх праблем у бягучым годзе з рэспубліканскага бюджэту плануецца выдзеліць Br625,3 млрд. Аб гэтым паведаміў міністр па надзвычайных сітуацыях Энвер Барыеў. Паводле слоў міністра, у гэтым годзе ў пацярпелых рэгіёнах будзе прадоўжана будаўніцтва аб'ектаў водазабеспячэння насельніцтва якаснай пітной вадой, жылля для спецыялістаў, якія прыбылі на работу ва ўстановы адукацыі, арганізацыі аховы здароўя, сельгасарганізацыі, а таксама жылля для інвалідаў-чарнобыльцаў. Таксама будзе прадоўжана ўзвядзенне дзіцячых лячэбных і прафілактычных устаноў, газіфікацыя індывідуальных жылых дамоў. Усяго на гэтыя мэты плануецца накіраваць Br107,5 млрд.

Плануецца таксама рэалізаваць мерапрыемствы па правядзенню комплексу ахоўных мер у сельскай і лясной гаспадарках, забеспячэнню радыяцыйнай аховы грамадзян, што працуюць на забруджанай тэрыторыі, пастаўцы мінеральных угнаенняў, вапнаванню кіслых глеб, пераспецыялізацыі гаспадарак, размешчаных на забруджанай тэрыторыі. З бюджэту на гэтыя мэты будзе выдзелена Br130,3 млрд.

Для паляпшэння камунальнага і медыцынскага абслугоўвання насельніцтва ў пацярпелых рэгіёнах з бюджэту прадугледжваецца накіраваць Br21,8 млрд.

На падтрыманне асаблівага рэжыму адселеных тэрыторый і прадухіленне несанкцыянаванай дзейнасці на забруджанай радыенуклідамі тэрыторыі будзе выдзелена Br1,3 млрд. На фінансаванне работ па дэзактывацыі сацыяльна значных аб'ектаў, пахаванне будынкаў і адходаў дэзактывацыі, ажыццяўленне рэабілітацыйных мерапрыемстваў, добраўпаракаванне і ўтрыманне могільнікаў радыеактыўных адходаў выдзеляць Br8,3 млрд. Навуковыя даследаванні ў галіне радыяцыйнай абароны насельніцтва будуць прафінасаваны ў аб'ёме Br4,9 млрд.

У 2007 годзе на вырашэнне чарнобыльскіх праблем было накіравана Br632,8 млрд., з якіх Br516,6 млрд. складаюць субвенцыі, перададзеныя ў абласны бюджэт.

Энвер Барыеў звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць павышэння адказнасці ўсіх выканаўцаў дзяржпраграмы па пераадоленню наступстваў катастрофы на ЧАЭС. "Мы не заўсёды дакладна працуем, не заўсёды аператыўна рэагуем на сітуацыю, ёсць патэнцыял для павышэння эфектыўнасці работы ў пытаннях ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы", - сказаў міністр.

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь