навіна

ад 17.03.2008

Беларусь і Расія пераадолелі негатыўныя тэндэнцыі ў гандлі

Аб гэтым заявіў Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на сустрэчы ў Мінску з Дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Паўлам Барадзіным. "Мы пераадолелі негатыўныя тэндэнцыі 2005-2006 гадоў у сувязі з увядзеннем ПДВ па краіне прызначэння", - адзначыў кіраўнік беларускага Урада. За 2007 год тавараабарот паміж Беларуссю і Расіяй склаў больш як $26 млрд. У студзені-лютым 2008 года таксама адзначана добрая дынаміка ў гандлі паміж краінамі. За студзень тавараабарот дасягнуў $2,5 млрд., што на $1 млрд. больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.

Сяргей Сідорскі паведаміў, што па даручэнню саюзнага ўрада дзейнічала рабочая група, якую ўзначальвалі Намеснік Прэм'ер- міністра Беларусі Андрэй Кабякоў і Намеснік Старшыні Урада Расіі Сяргей Нарышкін. Абмеркаваны канкрэтныя пытанні, якія будуць разглядацца на саюзным Саўміне.

Прэм'ер-міністр Беларусі падкрэсліў важнасць дзеючых і прыняцця новых саюзных праграм. Сярод тых, што будуць абмяркоўвацца 21 сакавіка ў Мінску, ён назваў праграмы развіцця дызельнага аўтамабілебудавання, вытворчасці хімічных валокнаў, "Космас-НТ". Сяргей Сідорскі таксама прапанаваў Паўлу Барадзіну абмеркаваць дадатковыя пытанні, якія будуць вынесены на разгляд на пасяджэнні саюзнага Урада. Усяго запланавана абмеркаваць 23 пытанні.

Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Павел Барадзін засяродзіў увагу на неабходнасці правядзення сумесных калегій міністэрстваў і ведамстваў Беларусі і Расіі. Цяпер эфектыўна працуюць сумесныя калегіі КДБ Беларусі і ФСБ Расіі, міністэрстваў унутраных спраў, мытных камітэтаў. Практычна не праводзіліся сумесныя калегіі міністэрстваў фінансаў і эканомікі дзвюх краін. Няма ніякай сумеснай работы калегій сельскагаспадарчых ведамстваў Беларусі і Расіі, падкрэсліў Павел Барадзін. На яго думку, такая работа можа быць прадукцыйнай і эфектыўнай у будаўніцтве Саюзнай дзяржавы.

Павел Барадзін таксама пазітыўна ацаніў унясенне ў парадак дня саюзнага Саўміна пытання аб субсідзіраванні сельскай гаспадаркі ў Беларусі і Расіі. Ён прывёў прыклады, што ў ЗША на субсідзіраванне сельскай гаспадаркі выдзяляецца $68 млрд., у Еўрасаюзе - 124 млрд. еўра, у тым ліку за кошт бюджэту ЕС - 42 млрд. еўра, у той час як у Расіі субсідзіраванне працэнтных ставак па крэдытах на сельскую гаспадарку складае $170 млн. "У выніку ў РФ завалілі сельскую гаспадарку", - падкрэсліў Павел Барадзін, дадаўшы, што сёння Расія забяспечвае сябе прадуктамі харчавання прыкладна на 50 працэнтаў. Таму РФ не павінна ваяваць з Беларуссю ў сферы паставак сельгаспрадукцыі, наадварот, трэба супрацоўнічаць, падкрэсліў ён.

Павел Барадзін нагадаў, як цяжка ішло зацвярджэнне саюзнай праграмы па развіццю сельгасмашынабудавання - яе прымалі два гады, дакументы ў расійскім урадзе ўзгадняліся 8-9 разоў. Трэба разумець, што "гэта праграма нумар 1 для Саюзнай дзяржавы", адзначыў ён.

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь