навіна

ад 14.03.2008

Беларусь, Расія і Казахстан прынялі праект плана дзеянняў па фарміраванню Мытнага саюза

Беларусь, Расія і Казахстан прынялі праект плана дзеянняў па фарміраванню Мытнага саюза

Беларусь, Расія і Казахстан прынялі праект мерапрыемстваў па рэалізацыі плана дзеянняў па фарміраванню Мытнага саюза ў рамках ЕўрАзЭС на 2008-2010 гады. Гэты дакумент абмяркоўваўся сёння на нарадзе членаў інтэграцыйнага камітэта ЕўрАзЭС ад Беларусі, Казахстана і Расіі. Дэлегацыі на ім прадстаўлялі віцэ-прэм'ер Беларусі Андрэй Кабякоў, Намеснік Старшыні Урада Расіі Сяргей Нарышкін, віцэ-міністр індустрыі і гандлю Казахстана Жанар Айтжанава.

Як адзначыў генеральны сакратар ЕўрАзЭС Таір Мансураў, праект плана дзеянняў прыняты, яго пункты ў бліжэйшы час будуць дэталізаваны з улікам планаў мерапрыемстваў на кожны месяц, квартал і паўгоддзе. Экспертам трэба будзе да красавіка разгледзець прапановы, што паступілі камісіі, па абароне ўнутраных рынкаў і дапрацаваць іх. Затым праект плана будзе прадстаўлены на зацвярджэнне кіраўнікам урадаў краін ЕўрАзЭС.

"Створана аснова дагаворна-прававой базы. Цяпер інтэграцыйны камітэт будзе вырашаць пытанні далейшага выканання плана дзеянняў дзяржаў па фарміраванню Мытнага саюза па ўсіх блоках праблем", - сказаў Таір Мансураў.

Ён таксама адзначыў, што Мытны саюз уяўляе сабой адзіную мытную тэрыторыю з адзінай граніцай і тарыфамі, яго фарміраванне аблегчыць умовы гандлю паміж краінамі і будзе садзейнічаць развіццю эканомік, а таксама далучэнню краін-удзельніц да СГА. "Мы працуем для таго, каб стварыць рэжым найбольшага спрыяння для тых, хто ўваходзіць у Мытны саюз. Гэты працэс у далейшым будзе садзейнічаць рабоце па ўступленню краін у СГА", - сказаў генсакратар ЕўрАзЭС.

Паводле слоў Таіра Мансурава, Мытны саюз з'яўляецца папярэднікам адзінай эканамічнай прасторы, ён вызначае правілы гульні адносна ўнутранага і знешняга гандлю.

Бар'ераў для фарміравання Мытнага саюза да 2011 года няма, заявіў сёння журналістам, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, намеснік старшыні ўрада Расійскай Федэрацыі Сяргей Нарышкін па выніках нарады членаў інтэграцыйнага камітэта ЕўрАзЭС ад Беларусі, Казахстана і Расіі.

Ён таксама адзначыў, што для фарміравання прававой базы Мытнага саюза ў рамках трох дзяржаў патрабуецца шмат часу, таму што гэта вялікая і напружаная работа.

Сяргей Нарышкін нагадаў, што прэзідэнтамі трох краін даручана падрыхтаваць поўны камплект дакументаў і правесці неабходныя мерапрыемствы па фарміраванню Мытнага саюза на працягу трох гадоў (2008-2010). План такіх мерапрыемстваў падрыхтаваны. Гэта азначае, што да канца 2010 года Мытны саюз трох дзяржаў - Беларусі, Расіі, Казахстана - павінен быць створаны, падкрэсліў Сяргей Нарышкін.

Віцэ-прэм'ер Беларусі Андрэй Кабякоў удакладніў, што ў 2007 годзе кіраўнікамі дзяржаў ЕўрАзЭС было падпісана 4 пагадненні па фарміраванню прававой базы Мытнага саюза. У Маскве 25 студзеня 2008 года кіраўнікі ўрадаў ЕўрАзЭС падпісалі яшчэ 9 пагадненняў. Гэтым самым створана нарматыўна-прававая база Мытнага саюза. Цяпер бакі будуць працаваць над завяршэннем фарміравання Мытнага саюза.

Андрэй Кабякоў паведаміў, што сёння ў Мінску разгледжана таксама пытанне падрыхтоўкі пагаднення па стварэнню адзінай эканамічнай прасторы трох дзяржаў. Бакі дамовіліся аб тым, што гэтыя працэсы - стварэнне Мытнага саюза і адзінай эканамічнай прасторы - будуць ісці "паралельна, у максімальнай ступені сінхранізавана", - падкрэсліў віцэ-прэм'ер Беларусі.

Ён таксама адзначыў, што наднацыянальныя органы Мытнага саюза надзелены адпаведнымі паўнамоцтвамі, што дасць магчымасць выконваць пастаўленыя задачы "аднолькава на тэрыторыі трох краін Мытнага саюза". Андрэй Кабякоў удакладніў, што рашэнні камісіі Мытнага саюза павінны безумоўна выконвацца мытнямі Беларусі, Расіі і Казахстана без усялякіх пасрэднікаў.

Віцэ-міністр індустрыі і гандлю Казахстана Жанар Айтжанава, падводзячы вынікі сустрэчы ў Мінску, падкрэсліла, што "бар'ераў для выканання пастаўленых прэзідэнтамі трох краін задач цяпер не існуе". Яна асабліва адзначыла важнасць падрыхтоўкі адзінага мытнага тарыфу, адзінай нетарыфнай палітыкі у адносінах да трэціх краін, а таксама адзіныя прынцыпы тэхнічнага рэгулявання ў гандлі.

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь