навіна

ад 13.03.2008

Урад Беларусі і расійская АФК "Сістэма" падпісалі Генеральнае пагадненне аб супрацоўніцтве


Урад Беларусі і расійская АФК "Сістэма" падпісалі Генеральнае пагадненне аб супрацоўніцтве

Урад Беларусі і расійскае ААТ "АФК "Сістэма" сёння заключылі Генеральнае пагадненне аб супрацоўніцтве. Дакумент падпісалі Першы намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка і прэзідэнт АФК "Сістэма" Аляксандр Ганчарук. Як паведаміў сёння журналістам Першы намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка, мэтай пагаднення з'яўляецца прыцягненне інвестыцый у Беларусь за кошт рэалізацыі эканамічна эфектыўных і сацыяльна значных інвестыцыйных праектаў у розных сферах.

"Асноўная ідэя работы - гэта прыход АФК "Сістэма" ў Беларусь са сваімі тэхналогіямі і інвестыцыямі ў мэтах развіцця ўзаемавыгаднага бізнесу, а таксама каб садзейнічаць рэалізацыі ў рэспубліцы сацыяльных праектаў", - сказаў ён.

Уладзімір Сямашка нагадаў, што 29 кастрычніка 2007 года адбылася сустрэча Прэзідэнта Беларусі з кіраўніцтвам АФК "Сістэма". "Абодва бакі атрымалі даручэнні дэталёва прапрацаваць магчымыя напрамкі ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва", - адзначыў Першы віцэ-прэм'ер, дадаўшы, што бакі ўжо вызначыліся з гэтым.

У падпісаным сёння Генеральным пагадненні аб супрацоўніцтве вызначана 8 важнейшых напрамкаў сумеснай работы. "Падпісанню папярэднічалі 4,5 месяца напружанай работы. Мы шмат разоў сустракаліся, абмяркоўвалі кожны канкрэтны пункт дакумента", - адзначыў Уладзімір Сямашка.

Паводле слоў Першага віцэ-прэм'ера, наступным этапам супрацоўніцтва будзе падпісанне асобных кантрактаў паміж дзяржорганамі Беларусі і АФК "Сістэма" або яе даччынымі кампаніямі. "Мы сёння ў рабочым парадку дамовіліся, што гэты працэс зацягвацца не будзе. На працягу бліжэйшага месяца трэба дакладна вызначыцца па кантрактах па ўсіх васьмі напрамках. Затым пачнецца канкрэтная работа, распрацоўка бізнес-планаў, праектнай дакументацыі, пастаўка абсталявання", - падкрэсліў Уладзімір Сямашка.

Для рэалізацыі сумесных праектаў створаны Каардынацыйны савет, у які ўвайшлі 12 прадстаўнікоў ад беларускага Урада і 10 прадстаўнікоў ад АФК "Сістэма" і яе даччыных кампаній.

Як заявіў сёння журналістам прэзідэнт АФК "Сістэма" Аляксандр Ганчарук, расійская АФК "Сістэма" зацікаўлена ў супрацоўніцтве з беларускімі прадпрыемствамі ў розных галінах эканомікі. Пры гэтым самымі прывабнымі з'яўляюцца сферы нерухомай маёмасці, будаўніцтва, высокіх тэхналогій, а таксама банкаўскі бізнес.

"Мы з задавальненнем прынялі ўдзел у падпісанні гэтага пагаднення", - адзначыў Аляксандр Ганчарук і дадаў, што карпарацыя ўжо прадстаўлена ў Беларусі ў СТАА "Мабільныя ТэлеСістэмы".

"Таму нам вядомы правілы вашага рынку, нам падабаецца тут працаваць, падабаецца ваша рэспубліка, і мы хочам тут працаваць больш", - падкрэсліў прэзідэнт АФК "Сістэма". Паводле яго слоў, усе 8 напрамкаў сумеснай работы, прадугледжаныя Генеральным пагадненнем аб супрацоўніцтве, маюць "высокатэхналагічны ўхіл". Рэалізацыя намечаных планаў будзе не менш эфектыўная для бакоў, чым работа з кампаніяй МТС, перакананы Аляксандр Ганчарук.

Гаворачы аб супрацоўніцтве ў банкаўскім бізнесе, прэзідэнт АФК "Сістэма" адзначыў, што цяпер прапрацоўваюцца пытанні інвесціравання сродкаў карпарацыі ў беларускае ААТ "Парытэтбанк". Ён выказаў упэўненасць у тым, што работа па арганізацыі здзелкі па набыццю акцый гэтага беларускага банка завершыцца станоўча.

Акрамя таго, прапрацоўваецца магчымасць супрацоўніцтва ў касмічнай галіне - па стварэнню спадарожнікавых сістэм.

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь