навіна

ад 20.02.2008

Тавараабарот паміж Беларуссю і Калінінградскай вобласцю ў 2008 годзе можа ўзрасці да $170 млн.

Тавараабарот паміж Беларуссю і Калінінградскай вобласцю ў 2008 годзе можа ўзрасці да $170 млн.

У 2008 годзе чакаецца павелічэнне тавараабароту паміж Беларуссю і Калінінградскай вобласцю з цяперашніх $150 млн. да $170 млн. Аб гэтым паведаміў Намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Андрэй Кабякоў, падводзячы вынікі праведзенага ў Калінінградзе пасяджэння Савета па доўгатэрміноваму супрацоўніцтву абласцей, міністэрстваў, органаў дзяржаўнага кіравання Рэспублікі Беларусь з Калінінградскай вобласцю Расійскай Федэрацыі.

Ён адзначыў, што на перспектыву стаіць задача павялічыць гэты паказчык да $200-250 млн. У сваю чаргу губернатар Калінінградскай вобласці Георгій Баос вызначыў пажаданы ўзровень узаемнага тавараабароту $300-400 млн.

Паводле агульнага пераканання, зачын для гэтага быў створаны ў час сённяшняга пасяджэння. Бакі дамовіліся, у прыватнасці, ініцыіраваць зняцце адміністрацыйных і заканадаўчых бар'ераў, якія перашкаджаюць развіццю эканамічнага супрацоўніцтва. Напрыклад, размова ідзе аб пастаўках у самы заходні рэгіён Расіі беларускай тэхнікі, якія сёння ажыццяўляюцца праз гандлёвыя дамы, размешчаныя ва ўсходняй частцы РФ.

Істотнаму павелічэнню паказчыкаў гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва магла б пасадзейнічаць перавалка праз порт Калінінграда беларускіх калійных угнаенняў, якія цяпер перавозяцца, у асноўным, праз Літву і Латвію. Сёння на шляху рэалізацыі гэтага праекта ёсць шэраг сур'ёзных перашкод. Садзейнічаць іх устараненню павінна транспартна-лагістычная схема перавалкі беларускіх грузаў праз Калінінград, якая распрацоўваецца з удзелам структур Саюзнай дзяржавы.

Як расказаў намеснік Дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Васіль Хрол, калі задзейнічаць гэту схему, то ў перспектыве можна было б прыцягнуць на калінінградскі напрамак грузы з Кітая і Індыі, што будзе выгадна як для Беларусі, праз якую пайшлі б гэтыя транспартныя патокі, так і для расійскага рэгіёну.

Сёння істотную ролю ва ўзаемным тавараабароце адыгрываюць пастаўкі ў Калінінградскую вобласць беларускіх будаўнічых матэрыялаў. Расійскі бок выказаў зацікаўленасць у павелічэнні такіх паставак, аднак у сувязі з ростам аб'ёмаў будаўніцтва ў Беларусі гэта праблематычна. Беларускі бок бачыць выхад з сітуацыі ў экспарце ў Калінінградскую вобласць гатовых вырабаў, напрыклад, жалезабетонных пліт і паляў. Акрамя таго, магчыма стварэнне на тэрыторыі рэгіёну адпаведных сумесных вытворчасцей. З улікам гэтых і іншых прапаноў пратакол сённяшняй сустрэчы і праграму супрацоўніцтва на 2008 год вырашана дапрацаваць. Паводле слоў губернатара Калінінградскай вобласці, дакументы будуць падпісаны праз 2-3 тыдні ў рабочым парадку.

Наступнае пасяджэнне савета пройдзе ў Беларусі ў лютым 2009 года.

Саюзны дзіцяча-маладзёжны лагер "Балтыйскі Артэк" прапануецца стварыць у Калінінградскай вобласці. Такая ініцыятыва расійскага боку абмяркоўвалася сёння ў Калінінградзе на пасяджэнні Савета па доўгатэрміноваму супрацоўніцтву абласцей, міністэрстваў, органаў дзяржаўнага кіравання Рэспублікі Беларусь з Калінінградскай вобласцю Расіі.

"Балтыйскі Артэк" будзе ўяўляць сабой шматфункцыянальны комплекс, дзе адначасова змогуць адпачываць 2 тыс. чалавек. Яго намечана пабудаваць на беразе Балтыйскага мора. Прадугледжваецца, што працаваць лагер будзе круглы год.

Расказваючы аб праекце журналістам на прэс-канферэнцыі па выніках пасяджэння савета, губернатар Калінінградскай вобласці Георгій Баос агучыў жаданне расійскага боку надаць дзіцяча-маладзёжнаму лагеру высокі саюзны статус. Зацікаўленасць у сумесным ажыццяўленні праекта пацвердзіў і намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Андрэй Кабякоў, які ўзначальваў беларускую дэлегацыю. Паводле яго слоў, адпаведныя прапановы будуць унесены для абмеркавання на адно з бліжэйшых пасяджэнняў Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы.

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь