навіна

ад 20.02.2008

Запланаваныя ў Беларусі паказчыкі эканамічнага росту ў І квартале і ў цэлым у 2008 годзе будуць выкананы


Запланаваныя ў Беларусі паказчыкі эканамічнага росту ў І квартале і ў цэлым у 2008 годзе будуць выкананы

У Беларусі ў першым квартале і ў цэлым у 2008 годзе будуць выкананы запланаваныя паказчыкі эканамічнага росту. Аб гэтым заявіў Першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка на пасяджэнні Рэспубліканскай асацыяцыі прадпрыемстваў прамысловасці.

"Мы добра стартавалі ў студзені. У першым квартале і па выніках года запланаваныя паказчыкі будуць выкананы", - сказаў ён.

Уладзімір Сямашка адзначыў таксама, што ў адпаведнасці з пастаўленымі кіраўніком дзяржавы задачамі ў 2009 і 2010 гадах таксама неабходна забяспечыць рост ВУП не менш як на 11 працэнтаў.

Працэдура правядзення тэндэраў у Беларусі будзе скарочана

Працэдура правядзення тэндэраў у Беларусі будзе скарочана. Аб гэтым заявіў сёння ў Мінску Першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка.

Ён адзначыў, што з гэтай мэтай рыхтуецца праект змяненняў ва ўказ нумар 529, які датычыцца правядзення тэндэраў.

Паводле слоў Уладзіміра Сямашкі, гэта працэдура ў Беларусі недастаткова эфектыўная, паколькі "прымушае" праводзіць тэндэры не толькі на куплю тавараў за бюджэтныя грошы, але і за сродкі прадпрыемстваў. У сувязі з гэтым часта тэндэры праводзяцца па паўгода і больш, у той час як прадпрыемствам трэба закупляць абсталяванне для тэхнічнага пераўзбраення. Часам з-за складанасці гэтай працэдуры, а таксама яе неаб'ектыўнасці затрымліваецца купля абсталявання і, адпаведна, прыцягненне інвестыцый. Цяпер гэта праблема будзе вырашацца, падкрэсліў першы віцэ-прэм'ер.

У Беларусі будзе зніжацца падатковая нагрузка на прампрадпрыемствы, заявіў Уладзімір Сямашка.

Ён адзначыў, што да 2010 года ў краіне будуць укладзены вялікія сродкі ў развіццё сельскай гаспадаркі. У сваю чаргу мадэрнізацыя сельгасвытворчасці дасць магчымасць знізіць нагрузку на прамысловыя прадпрыемствы. Уладзімір Сямашка адзначыў, што ў свеце сельская гаспадарка з'яўляецца датацыйнай, узровень датацый складае 17-18 працэнтаў і ў норме не перасягае 25-30 працэнтаў. У Беларусі глыбіня датацый сельскай гаспадаркі 60 працэнтаў, канстатаваў ён. "Беларусь ідзе да рынку, і павінны адбывацца змяненні ў гэтай сферы", - падкрэсліў першы віцэ-прэм'ер.

У той жа час ён адзначыў, што цяпер цэны на малако і мяса ў рэспубліцы істотна ніжэйшыя, чым у Расіі. Паводле яго слоў, неабходна выраўнаваць гэту сітуацыю такім чынам, каб гэта было спрыяльна для эканомікі, аднак каб народ гэтага не адчуў і паказчык інфляцыі застаўся ў запланаваных рамках.

У Беларусі будуць прыняты дакументы па стымуляванню работы дырэктараў заводаў, заявіў Першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка на гадавым сходзе Рэспубліканскай асацыяцыі прадпрыемстваў прамысловасці.

Ён адзначыў, што поспехі прадпрыемства ў значнай ступені залежаць ад дырэктара і каманды, якую ён стварыў. У 2008 годзе будуць "уключаны такія стымулы, каб людзі працавалі не за страх, а за сумленне", - падкрэсліў Уладзімір Сямашка.

Паводле яго слоў, падрыхтаваны два праекты ўказаў Прэзідэнта. Адзін з іх датычыцца сістэмы стымулявання для дырэктараў прадпрыемстваў у памеры да 5 працэнтаў ад фонду заработнай платы. Скарыстацца такім стымулам пакуль змогуць не больш за 10 працэнтаў прадпрыемстваў рэспублікі. "Пакуль што мы не можам даць усім пароўну", - падкрэсліў першы віцэ-прэм'ер. Размова ідзе толькі аб тых дырэктарах, прадпрыемствы якіх выконваюць і перавыконваюць прагнозныя паказчыкі.

Яшчэ адзін дакумент будзе накіраваны на ўстанаўленне дадатковых акладаў па выніках года, а таксама на павышэнне каэфіцыента да заработнай платы дырэктара. Уладзімір Сямашка сказаў, што па рашэнню міністра такі каэфіцыент можа быць павялічаны да 5. Такі ўзровень зарплат у рэспубліцы маюць пакуль што нямногія дырэктары, удакладніў Уладзімір Сямашка.

У Беларусі прапрацоўваецца магчымасць удасканалення сістэмы пенсіённага забеспячэння дырэктараў прадпрыемстваў, паведаміў Уладзімір Сямашка на гадавым сходзе Рэспубліканскай асацыяцыі прадпрыемстваў прамысловасці.

Ён падтрымаў прапановы прамыслоўцаў па абароне правоў кіраўнікоў прадпрыемстваў пасля спынення імі працоўнай дзейнасці, а таксама па паляпшэнню іх пенсіённага забеспячэння.

"Трэба берагчы нашых дырэктараў, чарга на гэту пасаду ў нас не стаіць, - адзначыў Уладзімір Сямашка. - Талковых дырэктараў сёння ахвотна запрашаюць на работу ў Расію, і там плацяць ім на парадак вышэй, чым у нас".

"Сёння праблема падабраць добрага дырэктара, а стымулаў у іх пакуль што менш, чым абавязкаў", - дадаў Першы віцэ-прэм'ер.

Паводле слоў Уладзіміра Сямашкі, ён дакладваў аб гэтай праблеме прэзідэнту краіны і сустрэў разуменне з боку кіраўніка дзяржавы. "Таму нам трэба падумаць аб пенсіённым забеспячэнні, спачатку, хоць бы тых кіраўнікоў, якія ўваходзяць у кадравы рэестр прэзідэнта", - лічыць ён. Размова ідзе аб кіраўніках буйнейшых прамысловых прадпрыемстваў, такіх як МТЗ, МАЗ, "Нафтан".

Паводле солў Першага віцэ-прэм'ера Беларусі, сетка беларускіх гандлёва-лагістычных цэнтраў будзе створана ў Расіі. Ён, што пачата ўжо будаўніцтва двух такіх цэнтраў - у раёне Сонцава ў Маскоўскай вобласці і УВЦ (былая ВДНГ) у Маскве.

Уладзімір Сямашка падкрэсліў, што Беларусь павінна выбудоўваць сваю тавараправодную сетку, ствараючы гандлёва-лагістычныя цэнтры ў буйных гарадах Расіі - Маскве, Санкт-Пецярбургу і іншых.

Паводле яго слоў, не кожнае прадпрыемства можа дазволіць сабе мець уласную тавараправодную сетку (ТПС), таму што гэта патрабуе значных затрат. Сваю ТПС мае Мінскі трактарны завод, у якога ёсць гандлёвыя дамы ў кожнай акрузе Расіі. Развіваюць ТПС таксама БМЗ, БелАЗ і іншыя буйныя вытворцы, аднак "астатнія прадпрыемствы не могуць сабе гэтага дазволіць", сказаў Уладзімір Сямашка. Таму неабходна выбудаваць дзяржаўную тавараправодную сетку.

"У буйных гарадах Расіі неабходна ствараць беларускія гандлёва-лагістычныя цэнтры з адпаведнымі плошчамі, на якіх будзе выстаўляцца прадукцыя беларускіх прадпрыемстваў. Такая работа пачата ўжо", - падкрэсліў Уладзімір Сямашка.

Першы віцэ-прэм'ер паведаміў таксама, што распрацаваны праект праграмы па стварэнню ў Беларусі транспартна-лагістычных цэнтраў. У прыватнасці, іранская кампанія "Кейсан" гатова ўкласці каля $200 млн. у стварэнне першага такога цэнтра ў раёне Нацыянальнага аэрапорта Мінск.

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь