навіна

ад 10.04.2008

Веснавая палявая кампанія будзе прафінансавана ў поўным аб'ёме

Веснавая палявая кампанія будзе прафінансавана ў поўным аб'ёме

Веснавая палявая кампанія ў Беларусі ў гэтым годзе будзе прафінансавана ў поўным аб'ёме. Аб гэтым далажыў сёння Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку Прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі, паведамила прэс-служба Прэзідэнту Беларусі. На закупку ўгнаенняў, гаруча-змазачных матэрыялаў, набыццё новай сельгастэхнікі, рамонт і аднаўленне існуючага абсталявання і іншыя мэты будзе накіравана Br2170 млрд. Аляксандр Лукашэнка даручыў на працягу бліжэйшага тыдня паскорыць тэмпы правядзення пасяўной кампаніі, каб завяршыць яе ў сціслыя тэрміны.

На гэты час у краіне яравыя культуры пасеяны больш як на 20 % запланаваных плошчаў, падрыхтавана глебы пад яравую сяўбу на ўзроўні 30 % да плана.

У цэлым у гэтым годзе ў Беларусі плануецца пасеяць 1,2 млн. га яравых культур. Прэзідэнтам пастаўлена задача атрымаць не менш як 7,8 млн. т збожжа, не менш як 150 тыс. т піваварнага ячменю, 3,7 млн. т цукровых буракоў, 60 тыс. т лёну.

Таксама Прэзідэнту было даложана аб выніках работы эканомікі Беларусі за першы квартал. Так, тэмп росту ВУП за студзень-сакавік 2008 года да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года склаў 110,5 %. "Гэта добры паказчык. Ён адпавядае ўзроўню развіцця эканомікі ў 2004 годзе", - адзначыў Прэм'ер-міністр.

Тэмп росту прамысловай вытворчасці Беларусі за 3 месяцы склаў 113,6 %, сельскагаспадарчай - 106,8 %, інвестыцый у асноўны капітал - 120 %.

Выкананы паказчыкі па ўводу жылля ў эксплуатацыю. Інфляцыя за студзень-сакавік склалася на ўзроўні 4,1 %. У Расіі інфляцыя за гэты перыяд склала 4,8 %, ва Украіне - больш як 9 %.

Акрамя таго, на сустрэчы былі абмеркаваны пытанні інавацыйна-інвестыцыйнай палітыкі. Прэзідэнт звярнуў увагу на неабходнасць правядзення паскоранай мадэрнізацыі беларускіх прадпрыемстваў, укаранення новых тэхналогій, у тым ліку ў сферы энергазберажэння. "Работа ў гэтым напрамку ўжо разгорнута. З пачатку года энергаёмістасць ВУП знізілася на 7,3 %. Гэты паказчык сёлета павінен быць у межах мінус 8 %", - далажыў Сяргей Сідорскі.

Размова на сустрэчы таксама ішла і аб рэалізацыі дамоўленасцей, што былі дасягнуты ў ходзе апошняга пасяджэння Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы, праведзенага ў сакавіку ў Мінску. У прыватнасці, абмеркаваны пытанні развіцця гандлёва-эканамічных адносін з Расійскай Федэрацыяй. У гэтым годзе тэмпы росту ўзаемнага тавараабароту значна вышэйшыя за мінулагоднія.

У цэлым аб'ём знешняга гандлю Беларусі таварамі і паслугамі за 2 месяцы 2008 года павялічыўся больш як на 60 %.

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь