навіна

ад 09.04.2008

Прэм'ер-міністр Беларусі ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным людзям краіны

Прэм'ер-міністр Беларусі ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным людзям краіны

Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі сёння ў будынку Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным людзям краіны. "Не выпадкова гэта ўрачыстае мерапрыемства праходзіць у будынку Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Нацыянальная бібліятэка стала сімвалам нашай краіны. Сярод узнагароджаных - тыя, хто будаваў бібліятэку, і тыя, хто будзе ў ёй працаваць", - сказаў Сяргей Сідорскі на ўрачыстай цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод. Усяго ўзнагароды ўручаны 102 грамадзянам, у асноўным работнікам будаўнічай галіны, якія былі задзейнічаны ва ўзвядзенні будынка Нацыянальнай бібліятэкі, супрацоўнікам бібліятэкі, вучоным.

"Дзякуючы стваральнай працы, высокаму прафесіяналізму такіх людзей эканоміка нашай краіны развіваецца высокімі тэмпамі, расце дабрабыт грамадзян", - падкрэсліў Сяргей Сідорскі. Звяртаючыся да ўзнагароджаных, ён дадаў: "Вашы прафесійныя веды таксама будуць садзейнічаць далейшаму культурнаму развіццю Беларусі".

У прыватнасці, ордэнам Пашаны ўзнагароджаны галоўны інжынер праекта ЗАТ "Белпраектстальканструкцыя" Анатоль Папоў, прафесар кафедры жалезабетонных і мураваных канструкцый БНТУ Цімафей Пецольд, дырэктар НВРУП "Агат-Сістэм" Валерый Сысоеў.

Медаль "За працоўныя заслугі" атрымалі дырэктар ААТ "Спецмантажаўтаматыка" Аляксандр Гембіцкі, намеснік старшыні Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі і іншыя.

Ганаровае званне "Заслужаны будаўнік Рэспублікі Беларусь" прысвоена галоўнаму тэхнолагу ААТ "Будтрэст нумар 7 "Віктару Бандарэнку, генеральнаму дырэктару ААТ "Белэлектрамантаж" Уладзіміру Корзуну і іншым.

Падзяка Прэзідэнта ўручана генеральнаму дырэктару ЗАТ "Будсвет" Мікалаю Галавачову, першаму намесніку генеральнага дырэктара ААТ "Белсувязьбуд" Міхаілу Бандарэнку і іншым.

Сяргей Сідорскі таксама ўручыў Ганаровую грамату Савета Міністраў Льву Дубовіку, які раней займаў пасаду намесніка старшыні Дзяржстандарту - дырэктара дэпартамента па энергаэфектыўнасці.

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь