навіна

ад 19.03.2008

Прэм'ер-міністр Беларусі сустрэўся з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Карэя ў Рэспубліцы Беларусь


Прэм'ер-міністр Беларусі сустрэўся з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Карэя ў Рэспубліцы Беларусь

Беларусь мае намер развіваць супрацоўніцтва з фінансавымі карпарацыямі Карэі. Аб гэтым заявіў сёння ў Мінску Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Карэя ў Рэспубліцы Беларусь Лі Юн Су.

Як адзначыў Прэм'ер-міністр Беларусі, "на наступным тыдні ў Мінску запланавана яго сустрэча з кіраўніком адной буйной фінансавай кампаніі Карэі". Беларусь і Карэя прадаўжаюць рухаць наперад шэраг цікавых новых праектаў. Размова ідзе аб легкавых аўтамабілях карэйскай кампаніі "Хёндай". Супрацоўніцтва з гэтай кампаніяй абмяркоўвалася ў лістападзе 2007 года ў ходзе візіту ў Карэю Прэм'ер-міністра Беларусі.

Сяргей Сідорскі таксама падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва з карэйскай кампаніяй LG. "Мы зацікаўлены выйсці на самую сур'ёзную рэалізацыю праекта з LG у Беларусі, - сказаў кіраўнік беларускага Урада. - Размова ідзе аб пастаўках на "Інтэграл" ВК-панэлей. З улікам выкарыстання беларускіх тэхналогій новая прадукцыя зойме належнае месца ў тэлевізійнай галіне Беларусі".

Ён таксама пазітыўна ацаніў работу з карэйскім бокам і па іншых перспектыўных праектах. Так, плануецца адкрыццё ў бліжэйшы час у Беларусі прадстаўніцтва карэйскага інвестыцыйнага агенцтва "КОТРА".

У снежні 2007 года ў Мінску адкрылася пасольства Рэспублікі Карэя ў Рэспубліцы Беларусь. Сяргей Сідорскі выказаў упэўненасць у тым, што дзейнасць пасла Лі Юн Су будзе сканцэнтравана "на тых дамоўленасцях, якіх мы дасягнулі пры наведванні вашай краіны ў мінулым годзе".

Прэм'ер-міністр таксама адзначыў, што пасля візіту актывізавалася работа бізнесу Карэі ў Беларусі. А навукова-тэхнічныя распрацоўкі Беларусі былі прадстаўлены ў Рэспубліцы Карэя. "Узаемапранікненне бізнесу - залог паспяховага развіцця нашых эканомік. Гэта вельмі важна з улікам існуючага цяпер у свеце іпатэчнага і фінансавага крызісу", - падкрэсліў Сяргей Сідорскі.

"Карэя і Беларусь займаюць пэўнае месца на сусветным рынку ў нішы высокатэхналагічнай прадукцыі. Гэты напрамак мы будзем развіваць у нашым далейшым супрацоўніцтве", - падкрэсліў Сяргей Сідорскі.

Прэзідэнт карэйскай кампаніі LG Electronics наведае Мінск у сакавіку-красавіку бягучага года. Аб гэтым заявіў сёння ў Мінску Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі. Як адзначыў кіраўнік беларускага Урада, Беларусь пачала актыўна супрацоўнічаць з LG з лістапада 2007 года. Цяпер па дамоўленасці з кампаніяй на беларускае НВА "Інтэграл" пастаўляюцца вадкакрышталічныя панэлі. "Гэта наш паспяховы сумесны праект", - падкрэсліў Сяргей Сідорскі.

"Мы зацікаўлены і далей актыўна працаваць з гэтай кампаніяй, у тым ліку і ў напрамку сумеснай вытворчасці бытавой тэхнікі", - падкрэсліў Прэм'ер-міністр Беларусі.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Карэя ў Рэспубліцы Беларусь Лі Юн Су падзякаваў кіраўніку беларускага Урада за сустрэчу. Ён адзначыў, што кіраўніцтва Карэі праяўляе вялікую ўвагу да Беларусі. Пасол высока ацаніў мінулагодні візіт Прэм'ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага ў Карэю і лічыць яго вельмі плённым.

Тавараабарот паміж Беларуссю і Карэяй у 2007 годзе павялічыўся ў параўнанні з 2006 годам на 66 працэнтаў і склаў $143,668 млн. Экспарт узрос больш як у два разы і перавысіў $18 млн., імпарт - на 61,4 працэнта да $125,634 млн.

Асноўнымі артыкуламі беларускага экспарту ў Паўднёвую Карэю апошнія 3-5 гадоў з'яўляюцца інтэгральныя мікрасхемы, паўправаднікі, калій, поліаміды, штучныя ніці, шкловалакно і шклотканіны, вугляроднае валакно і тканіны, аптычныя і вымяральныя прыборы, лазерная тэхніка, прадукцыя металургіі, падшыпнікі, медыцынскія прыборы.

Найбольш буйныя экспарцёры на карэйскі рынак - НВА "Інтэграл", ЗАТ "Беларуская калійная кампанія" (пастаўкі нерэгулярныя), ААТ "Полацк-Шкловалакно", РУП "БМЗ", РУП "Светлагорскае ВА "Хімвалакно", ААТ "Гродна Хімвалакно", ТАА "Лазерныя і інфармацыйныя тэхналогіі", ТАА "Этон".

У таварнай структуры беларускага экспарту ў Карэю яшчэ больш умацавалася тэндэнцыя апошніх гадоў на карысць навукаёмістай і высокатэхналагічнай прадукцыі: без уліку калію тэмп росту экспарту ў Карэю ў 2007 годзе, паводле афіцыйных даных, склаў 137,1 працэнта.

Пастаўкі з Карэі ў Беларусь (каля 200 таварных пазіцый) прадстаўлены высокатэхналагічнай прадукцыяй. Гэта легкавыя аўтамабілі, прамыя продажы якіх пачаліся з 2006 года; камплектуючыя для электроннай і электрамеханічнай галін, уключаючы электронныя трубкі і ВК-панэлі; сыравіна для хімічнай і лёгкай прамысловасці, сінтэтычныя і штучныя тканіны, рэнтгенаўская і медыцынская апаратура, бытавая тэхніка, камп'ютэрнае і тэлекамунікацыйнае абсталяванне і дэталі. Закупкі тавараў у Карэі ажыццяўляюцца ў асноўным па пазіцыях крытычнага імпарту.

У Беларусі функцыянуе адно беларуска-паўднёвакарэйскае сумеснае прадпрыемства па вытворчасці і продажы тэкстыльнай галантарэі і абутку, а таксама два прадпрыемствы са стопрацэнтным карэйскім капіталам.

У Мінску адкрыты прадстаўніцтвы кампаній LG Electronics, Samsung Electronics (электроніка і бытавая тэхніка), TM-Korea (закупка біметалаў і вырабаў з іх) і Delta Medical (паравыя стэрылізатары і іншая медыцынская тэхніка).

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь