навіна

ад 21.02.2008

Комплекс па вытворчасці ін'екцыйных шпрыцаў адкрыўся ў Гомелі

Комплекс па вытворчасці ін'екцыйных шпрыцаў адкрыўся ў Гомелі

Комплекс па вытворчасці аднаразовых шпрыцаў аб'ёмам 10 і 20 мл ААТ "Медпласт" адкрыўся ў Гомелі. У цырымоніі ўрачыстага адкрыцця прыняў удзел Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі.

Магутнасць дзвюх ліній па вытворчасці шпрыцаў аб'ёмам 10 і 20 мл складае 70 млн. штук у год. Запуск новага абсталявання стаў чарговым этапам у рэалізацыі праекта па стварэнню ў рэспубліцы ўласнай вытворчасці аднаразовых шпрыцаў. У жніўні мінулага года тут быў асвоены выпуск шпрыцаў па 2 і 5 мл магутнасцю 120 млн. адзінак прадукцыі ў год.

Інавацыйны праект у ААТ "Медпласт" быў рэалізаваны па даручэнню прэзідэнта Беларусі і з'яўляецца адным з напрамкаў рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі па імпартазамяшчэнню. На праект было выдзелена Br28 млрд. Магутнасці новай вытворчасці дадуць магчымасць цалкам забяспечыць лячэбныя ўстановы Беларусі аднаразовымі шпрыцамі ўсіх памераў.

Пры стварэнні вытворчасці медыцынскіх шпрыцаў у Гомелі прымяняліся самыя апошнія ноў-хаў. Аб гэтым заявіў на цырымоніі адкрыцця комплексу па выпуску ін'екцыйных шпрыцаў у ААТ "Медпласт" прадстаўнік нямецкай фірмы Transcoject, генеральнага пастаўшчыка абсталявання для новай вытворчасці, Карл Хайнц.

Наладку абсталявання праводзілі сумесна нямецкія і беларускія спецыялісты. Пробныя запускі машын паказалі, што фактычная прадукцыйнасць устаноўленага абсталявання на 20 працэнтаў перасягае першапачаткова заяўленую. Пры гэтым поўнасцю захоўваюцца якасныя характарыстыкі вырабаў.

Прадстаўнік нямецкай фірмы адзначыў, што гэта ўжо 42-і па ліку завод, з якім супрацоўнічала кампанія. Камплектацыя беларускага прадпрыемства адпавядае самым сучасным тэхналогіям, дадаў ён.

Сёння ў ААТ "Медпласт" уведзены ў эксплуатацыю дзве лініі па вытворчасці ін'екцыйных шпрыцаў аднаразовага выкарыстання аб'ёмам 10 і 20 мл. Прадукцыйнасць ліній - адпаведна 40 млн. і 30 млн. штук у год.

Як паведаміў Прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі, Урад Беларусі ў бліжэйшы час разгледзіць пытанне аб мэтазгоднасці будаўніцтва ў рэспубліцы завода па выпуску іголак для медыцынскіх шпрыцаў.

Як вядома, у жніўні мінулага года на "Медпласце" былі ўведзены ў эксплуатацыю лініі па выпуску аднаразовых шпрыцаў 2 і 5 мл. Увод у эксплуатацыю новых магутнасцей дасць магчымасць у поўнай меры забяспечыць дзяржаўны заказ на аднаразовыя шпрыцы для лячэбных устаноў, патрэбнасць у якіх ацэньваецца ў 180 млн. штук. Узровень іх якасці адпавядае міжнародным стандартам. Для таго каб зрабіць гэту прадукцыю больш канкурэнтназдольнай, да канца года "Медпласт" увядзе ў эксплуатацыю ўчастак газавай стэрылізацыі вырабаў медыцынскага прызначэння. Пакуль жа гатовыя шпрыцы стэрылізуюцца ў Мінску і ў Расіі.

Такім чынам, адзначыў Сяргей Сідорскі, на прадпрыемстве будзе створаны замкнуты цыкл вытворчасці шпрыцаў. У гэтым ланцужку імпартнай застанецца толькі адна пазіцыя - медыцынскія іголкі, якія закупляюцца ў Японіі. Іх якасць поўнасцю задавальняе беларускіх вытворцаў. У той жа час цана іголкі ў сабекошце шпрыца складае прыкладна 17 працэнтаў. Таму неабходна пралічыць, што больш выгадна: закупляць іголкі або наладжваць уласную вытворчасць, лічыць кіраўнік урада.

Паводле разлікаў, растлумачыў Прэм'ер-міністр, такія прадпрыемствы рэнтабельныя пры ўмове, што яны выпускаюць не менш як 2 млрд. іголак у год.

Адказваючы на пытанне карэспандэнта аб цане на газ, Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі паведаміў журналістам, што цана на газ для Беларусі ў 2008 годзе павышацца не будзе.

"У адпаведнасці з дамоўленасцю на працягу 2007 года цана на газ была на ўзроўні $100 за 1000 кубаметраў, з гэтага года дабавілі 19 працэнтаў, і ў нас ёсць упэўненасць, што да канца года цана павышацца не будзе", - сказаў Прэм'ер-міністр.

Хоць, адзначыў кіраўнік урада, цана вызначаецца згодна з формулай, а формула залежыць ад знешняй кан'юнктуры. "Учора цана на нафту перасягнула рубеж $100 за барэль. Таму, безумоўна, нашы калегі будуць даказваць іншую пазіцыю. Але Кіраўнікі дзяржаў Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін дамовіліся аб нязменнасці цаны для Беларусі на 2008 год - $119", - падкрэсліў Сяргей Сідорскі. Зразумела, і Беларусь захоўвае ўмовы транзітных ставак на тым узроўні, на якім дамовіліся. Цяпер "Белтрансгаз" і "Газпрам" працуюць па гэтых пытаннях, сказаў Прэм'ер-міністр.

Таксавы кошт драўніны на пні ў Беларусі павышаны на 20 працэнтаў

Таксавы кошт драўніны на пні ў Беларусі павышаны ў сярэднім на 20 працэнтаў. Адпаведнае рашэнне змяшчаецца ў Пастанове Савета Міністраў нумар 214 ад 18 лютага, яно ўступіла ў сілу з 1 студзеня 2008 года.

Пералік імпартазамяшчальных тавараў прадпрыемстваў-рэзідэнтаў СЭЗ на трохгадовы перыяд зацверджаны ў Беларусі

Урад Беларусі пастановай нумар 201 зацвердзіў пералік імпартазамяшчальных тавараў, якія вырабляюцца рэзідэнтамі свабодных эканамічных зон (СЭЗ) краіны і пастаўляюцца на ўнутраны рынак у перыяд з 2008 па 2010 год.

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь