Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч высока ацэньвае патэнцыял супрацоўніцтва з Зімбабвэ. Аб гэтым кіраўнік беларускага Урада заявіў 7 красавіка у час сустрэчы з віцэ-прэзідэнтам Рэспублікі Зімбабвэ Джонам Нкома ў Мінску.
"Патэнцыял нашых дзяржаў велізарны, і мы можам сапраўды наладжваць вельмі добрыя гандлёва-эканамічныя адносіны, ствараць сумесныя кампаніі і весці па ўсіх напрамках дастаткова сур'ёзную работу", – падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.
Пры гэтым кіраўнік беларускага Урада дадаў, што Беларусь гатова разгледзець пытанні не проста таварнага супрацоўніцтва з Зімбабвэ, як, напрыклад, продаж сельгастэхнікі, аўтамабіляў, угнаенняў, але і вырашаць пытанні сумеснай вытворчасці. "Мы еўрапейская дзяржава, працуем па еўрапейскіх стандартах, у нас высокаліквідная прадукцыя", – падкрэсліў ён.
Міхаіл Мясніковіч звярнуў увагу на тое, што ў Зімбабвэ шмат цікавых для Беларусі напрамкаў для супрацоўніцтва. Для таго каб яны паспяхова развіваліся, краінам неабходна сур'ёзна папрацаваць над фарміраваннем нарматыўна-прававой базы, пераканы Прэм'ер-міністр. "Тыя дагаворныя адносіны, якія ў нас ёсць, безумоўна, стабільныя, мы пацвярджаем іх пераемнасць і будзем працаваць, але для маштабнага супрацоўніцтва неабходна мець спецыяльныя пагадненні ў галіне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, адукацыі, асваення і выкарыстання нетраў і ў іншых сферах", – лічыць Міхаіл Мясніковіч. На яго думку, не менш важным з'яўляецца пытанне па фарміраванню дзвюма дзяржавамі плацежаздольных схем для таго, каб знізіць да мінімуму магчымыя рызыкі ва ўзаемных разліках. "Гэта прадмет нашых узаемных інтарэсаў. Думаю, што мы сёння таксама агаворым гэта пытанне", – сказаў ён.
Прэм'ер-міністр выказаў упэўненасць, што візіт дэлегацыі Зімбабвэ ў Беларусь на чале з віцэ-прэзідэнтам і тая насычаная праграма, якая прапанавана беларускім бокам, дапаможа дзвюм краінам вызначыць галіны ўзаемных інтарэсаў. "Мы маем устойлівыя кантакты на афрыканскім кантыненце, але лічым, што гэтага недастаткова. Ваш візіт, на наш погляд, павінен умацаваць узаемныя пазіцыі на гэтым перспектыўным рынку", – падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.
Са свайго боку, віцэ-прэзідэнт Зімбабвэ адзначыў, што ў яго краіне ёсць пэўны вопыт і значны патэнцыял у галіне горназдабыўной прамысловасці, а ў Беларусі вырабляецца абсталяванне для гэтай галіны. "Мне здаецца, што ў гэтым напрамку стварэнне сумесных прадпрыемстваў будзе найлепшым рашэннем, – сказаў Джон Нкома. – У нашай зямлі залягаюць рэсурсы, а з вашага боку будуць эксперты і неабходнае абсталяванне".
На думку віцэ-прэзідэнта Зімбабвэ, дзвюм краінам неабходна вызначыць сферы супрацоўніцтва ў эканаміцы, гандлі, галіне стварэння сумесных прадпрыестваў. "Абедзве дзяржавы павінны засяродзіцца на вызначэнні сфер узаемадзеяння і сканцэнтравацца на асобных з іх, – сказаў ён. – Мая задача заключаецца ў тым, каб акрэсліць інтарэс нашай дзяржавы ў супрацоўніцтве з Беларуссю, заявіць нашым беларускім калегам, што мы гатовы да супрацоўніцтва, у нас ёсць што прапанаваць Беларусі і мы спадзяёмся, што ў Беларусі таксама ёсць што прапанаваць нашай краіне".
Джон Нкома дадаў, што адным з прыярытэтных напрамкаў партнёрства можа стаць сельская гаспадарка. Больш як 80 працэнтаў насельніцтва афрыканскай краіны занята ў сельскай гаспадарцы. Віцэ-прэзідэнт Зімбабвэ выказаў зацікаўленасць у закупках беларускай тэхнікі для выкарыстання ў гэтым сектары. "Беларускія трактары вельмі надзейныя, – сказаў ён. – Мы наведалі МТЗ, азнаёміліся з поўнай лінейкай прадукцыі прадпрыемства і лічым, што вашы трактары могуць задаволіць попыт сельскіх гаспадарак ўсіх памераў". Джон Нкома прапанаваў Беларусі супрацоўніцтва ў сферы вытворчасці агародніны і садавіны, тытуню.
Віцэ-прэзідэнт Зімбабвэ звярнуў увагу на тое, што сёння яго краіна з'яўляецца свабоднай і суверэннай. "Мы ідзём наперад высока падняўшы галаву і хочам развіваць адносіны з тымі, хто не пакінуў нас у час барацьбы за незалежнасць", – падкрэсліў ён. На думку віцэ-прэзідэнта Зімбабвэ, у дзвюх краін вялікія магчымасці для развіцця партнёрства.
Таксама Джон Нкома запрасіў Міхаіла Мясніковіча наведаць Зімбабвэ.
"Пакуль вы не наведаеце Зімбабвэ, лічыце, вы не пабывалі ў Афрыцы, – сказаў Джон Нкома, звяртаючыся да Міхаіла Мясніковіча. – Я запрашаю наведаць нашу краіну".
Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Зімбабвэ ўстаноўлены ў красавіку 1992 года. Па выніках 2010 года тавараабарот паміж краінамі склаўся ў памеры $2,7 млн. Беларускі экспарт склаў $0,1 млн. (159 працэнтаў да ўзроўню 2009 года) і быў сфарміраваны за кошт паставак друкаванай прадукцыі і шын. Аснову беларускага экспарту мінулыя гады складалі пастаўкі калійных угнаенняў, аўтатэхнікі, матацыклаў, абсталявання для апрацоўкі каменю і друкаванай прадукцыі. Зімбабвэ пастаўляе ў Беларусь тытунёвую сыравіну, а таксама ў нязначных аб'ёмах агародніну і фрукты.
Перспектыўнымі напрамкамі ў сферы развіцця двухбаковых гандлёва-эканамічных адносін з'яўляюцца пастаўкі на рынак Зімбабвэ беларускай складанатэхнічнай прадукцыі, у прыватнасці аўтатэхнікі – магістральных грузавых аўтамабіляў МАЗа, кар'ерных самазвалаў для горназдабыўной прамысловасці Зімбабвэ. Акрамя таго, перспектыўнымі з'яўляюцца пастаўкі ў гэту краіну беларускіх трактароў, масавых і буйнагабарытных шын, рухавікоў, прадуктаў харчавання і ўгнаенняў. Вялікі патэнцыял у дзвюх краін і ў галіне развіцця супрацоўніцтва ў сферы здабычы карысных выкапняў, сельскай гаспадаркі і інфраструктурнага будаўніцтва. Акрамя таго, ВНУ Беларусі маюць магчымасць арганізаваць падрыхтоўку зімбабвійскіх спецыялістаў для ўсіх галін эканомікі.