навіна

ад 22.04.2011

Меры па паляпшэнню інвестыцыйнай дзейнасці разгледжаны на пасяджэнні Савета Міністраў Беларусі

Пытанне аб стане інвестыцыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь і мерах па паляпшэнню стану спраў у гэтай сферы разгледжаны 22 красавіка на пасяджэнні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Адкрываючы пасяджэнне, Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што лічыць цалкам справядлівай крытыку ў адрас Урада з боку Прэзідэнта Беларусі, якая прагучала напярэдадні падчас звароту Кiраўнiка дзяржавы са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу.

"Учора Прэзідэнт цалкам справядліва крытыкаваў Урад за разварушванне ў рабоце, за марудныя рашэнні, - сказаў Міхаіл Мясніковіч. - І сапраўды, важнейшыя пытанні не патрабуюць такога працяглага часу, які мы з вамі затрачваем на прыняцце адпаведных кіраўніцкіх рашэнняў".

У сувязі з гэтым ён запатрабаваў ад усіх членаў Урада зрабіць вывады з крытыкі Прэзідэнта і прыняць неадкладныя меры па паляпшэнню стану спраў.

Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што на сённяшнім пашыраным пасяджэнні Урада разглядаецца адно з найважнейшых пытанняў, паколькі "інвестыцыі - гэта развіццё, а развіццё - гэта будучае". "Вырашаючы важнейшыя пытанні бягучай дзейнасці, мы павінны думаць, якой будзе эканоміка праз 5, 10, 15 гадоў. А гэта закладваецца сёння ў тых планах інвестыцыйнай дзейнасці, якія абмяркоўваюцца, тых заданнях, якія сфармуляваны ў адпаведных дакументах, на што неаднаразова ўказваў і Кіраўнік дзяржавы", - падкрэсліў Прэм'ер-міністр.

Ён звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што дасведчанасць кадраў, кожнага міністра, кіраўніка прадпрыемства будзе разглядацца ў тым ліку праз прызму вырашэння пытанняў інвестыцыйнага развіцця і нарошчвання экспарту.

Прэм'ер-міністр дадаў, што ў інвестыцыйнай палітыцы існуе тры галоўныя пытанні - эфектыўнасць, г. зн. аддача інвестпраектаў, структура інвестыцыйнага партфеля і крыніцы фінансавання. "Па ўсіх складальніках ёсць поўная зразумеласць, поўная вызначанасць, - падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч. - Наш прыярытэт - экспартаарыентаваныя і імпартазамяшчальныя праекты, г.зн. тое, што працуе на валютныя рэсурсы". Прэм'ер-міністр нагадаў, што доля замежных крыніц у інвестыцыйным партфелі павінна складаць не менш як 21 працэнт.

Паводле слоў Прэм'ер-міністра, у цэлым у першым квартале "паказаны добрыя тэмпы па інвестыцыях, аднак яны падманлівыя". "Тыя 125 працэнтаў, якія мы маем па першаму кварталу, выраслі ад нізкай мінулагодняй базы - 97,4 працэнта да ўзроўню 2009 года", - канстатаваў ён.

Шэраг міністэрстваў як у гэтым годзе, так і раней не стварылі адпаведную рэсурсную базу, не прыцягнулі інвестараў. У сувязі з гэтым выкананне гадавых заданняў па прыцягненню інвестыцый, перш за ўсё прамых замежных, выклікае ў Міхаіла Мясніковіча вялікія сумненні.

Паводле слоў кіраўніка Урада, выкананне ў краіне задання па прыцягненню прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове ў першым квартале не паддаецца ніякай крытыцы. "Стан спраў не вытрымлівае ніякай крытыкі, - сказаў ён. - Мы з вамі так спрацавалі, што за квартал прыцягнулі крыху больш за 1 працэнт гадавога задання прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове".

У той жа час, паводле даных кіраўніка Урада, за першы квартал у Беларусь паступіла каля 280 прапаноў ад замежных інвестараў на агульную суму $9,5 млрд. "Нават калі б кожнае пятае з іх было вартым увагі, мы выйшлі бы на тыя $2 млрд., пытанне па якіх павінны былі вырашыць у першым квартале", - сказаў Прэм'ер-міністр.

Кіраўнік Урада выказаў заклапочанасць работай па прыцягненню прамых замежных інвестыцый у Віцебскай вобласці, а таксама падкрэсліў, што няма зладжанасці ў гэтай рабоце таксама ў Брэсцкага, Гомельскага аблвыканкамаў і Мінска. "З боку шэрагу кіраўнікоў абласцей чарговы раз узнімаліся пытанні няўзгодненасці рэгіянальнага і галіновага ўзроўняў, - адзначыў Міхаіл Мясніковіч. - Я гэта расцэньваю як пэўную бездапаможнасць Міністэрства эканомікі і камітэтаў эканомікі адпаведных аблвыканкамаў". Паводле слоў Прэм'ер-міністра, усе гэтыя пытанні павінны былі быць узгоднены яшчэ ў мінулым годзе.

Міхаіл Мясніковіч звярнуў увагу на тое, што вялікую заклапочанасць выклікае таксама работа па прыцягненню прамых замежных інвестыцый, праводзімая прадпрыемствамі лёгкай прамысловасці. "Інвестыцыі скараціліся амаль напалавіну, замежных крыніц практычна няма і не праглядаецца", - канстатаваў ён. Падобная сітуацыя склалася і на прадпрыемствах канцэрна "Белбіяфарм". Ім даведзены невялікія, "нават маленькія" заданні па прыцягненню замежных інвестыцый, але нават гэтыя аб'ёмы не выконваюцца. "У вельмі цяжкім становішчы знаходзяцца энергетычныя будоўлі, на планавыя аб'ёмы гэтага года не хапае каля трэці рэальных крыніц фінансавання", - падкрэсліў Прэм'ер-міністр.

Міхаіл Мясніковіч дадаў, што многія аблвыканкамы, у тым ліку Гродзенскі, маюць сур'ёзныя, няхай пакуль і контурныя, напрацоўкі ў інвестсферы. Аднак калі адпаведным чынам іх развіць і падмацаваць гарантыямі, гэта могуць быць значныя прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове ў эканоміку краіны.

Прэм'ер-міністр запатрабаваў ад міністэрстваў, ведамстваў, аблвыканкамаў шукаць і пераходзіць на нетрадыцыйныя крыніцы фінансавання інвестыцыйных праектаў.

"Трэба пераходзіць да адшукання ў тым ліку нетрадыцыйных крыніц фінансавання і крыніц крэдытавання, а не толькі ісці па самаму простаму шляху - вы дайце нам гарантаваную крыніцу, дайце адпаведныя гарантыі Урада, а некаторыя кіраўнікі просяць яшчэ і гарантыі аблвыканкамаў, а мы можа выканаем, а можа і не выканаем. Такога быць не павінна", - падкрэсліў Прэм'ер-міністр. Паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, такія выпадкі павінны быць выкаранёны з практыкі. "Трэба не разважаць, а выконваць заданні", - падкрэсліў кіраўнік Урада. Пры гэтым ён нагадаў, што губернатары адказваюць у гэтым выпадку за тэрыторыю і ўсё, што на ёй, міністр - за від дзейнасці, а дырэктар - за сваё прадпрыемства.

Міхаіл Мясніковіч запатрабаваў ад міністэрстваў і мясцовых органаў улады больш актыўна працаваць з інвестарамі, знаходзіць альтэрнатыўныя крыніцы фінансавання інвестыцыйных праектаў. "Працуйце з інвестарамі, размяшчайце ІРО і іншыя сучасныя механізмы інвестыцыйнай дзейнасці", - сказаў ён.

Гаворачы аб акупнасці інвестпраектаў з удзелам замежных крэдытных ліній, Прэм'ер-міністр нагадаў, што міністры і кіраўнікі прадпрыемстваў нясуць адказнасць за гэтыя крэдыты. "Вы нясеце адказнасць без усялякага тэрміну даўнасці, не разлічвайце на тое, што гэтыя крэдытныя лініі будзе перакрываць дзяржава і разлічвацца па чыіхсьці абавязацельствах - гэта трэба выкінуць з галавы. Такіх сродкаў проста няма і быць не можа", - падкрэсліў ён.

Міхаіл Мясніковіч таксама адзначыў, што вакол пытання прыцягнення крэдытаў банкаў на рэалізацыю інвестпраектаў "шмат спекуляцый". "Гэта павінны быць пераважна неэмісійныя крыніцы", - падкрэсліў Прэм'ер-міністр. Пры гэтым ён адзначыў, што "калі мы некалькі тыдняў таму ўдакладнілі крыніцы крэдытавання, некаторымі членамі Урада гэта трактавалася як невыкананне або магчымае невыкананне праграм і праектаў, якія вызначаны чацвёртым Усебеларускім народным сходам, адпаведнымі рашэннямі Кіраўніка дзяржавы і зацверджаны праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2011 -2015 гады ". "Усе праграмы і рашэнні трэба выконваць", - падкрэсліў кіраўнік Урада.

Прэм'ер-міністр таксама адзначыў, што апошнім часам нярэдка гучаць думкі, нібы ў Беларусі рыхтуецца "раздачы дзяржуласнасці". "Ніякай раздачы дзяржуласнасці ў Беларусі не было і не будзе, - падкрэсліў Прэм'ер-міністр. - Я даў даручэнне старшыні Дзяржкаммаёмасці разглядаць гэтае пытанне з аблвыканкамамі комплексна".

"Калі размова ідзе аб прыватызацыі, то ў нас яна аплатная, на конкурснай аснове прыватызацыя, за грошы, - падкрэсліў кіраўнік Урада. - Калі прадаецца дзяржаўны ці камунальны аб'ект або яго частка, гэтыя сродкі не павінны распыляцца на бягучае спажыванне, а накіроўвацца на стварэнне новых аб'ектаў дзяржаўнай і камунальнай уласнасці".

Аналізуючы развіццё інвестыцыйнай дзейнасці ў Беларусі, Міхаіл Мясніковіч нагадаў, што зараз рыхтуецца новая рэдакцыя інвестыцыйнага кодэкса. Кіраўнік Урада раскрытыкаваў тэмпы распрацоўкі дакументаў, падкрэсліўшы, што яны вельмі марудныя. "Усе тэрміны, магчымыя і немагчымыя, правалены, аналагічная сітуацыя і са стратэгіяй работы па прыцягненню прамых замежных інвестыцый", - дадаў ён.

Прэм'ер-міністр падкрэсліў, што доля інвестыцый у машыны і абсталяванне ў структуры інвестпартфеля вырасла зусім нязначна - да 38 працэнтаў, у той час як задача ставілася, каб гэты паказчык перавышаў 50 працэнтаў.

У існуючай сітуацыі ён запатрабаваў ад міністэрстваў, перш за ўсё Мінэканомікі, адкрытай размовы па названых праблемах. "Гэта павінна быць адкрытая размова, а не стогны аб тым, што нешта не ўдалося", - сказаў ён, пры гэтым адзначыўшы, што прапановы павінны быць канкрэтнымі.

Прэм'ер-міністр нагадаў галоўнае патрабаванне Кіраўнікі дзяржавы да Урада - "патрэбна практычная работа". "Трэба браць задачу і вырашаць, а не разважаць", - падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.

Выступаючы на пасяджэнні Савета Міністраў, Міністр эканомікі Беларусі Мікалай Снапкоў паведаміў, што за апошнія пяць гадоў у эканоміку Беларусі ў выглядзе інвестыцый у асноўны капітал укладзена больш за $70 млрд.

"За апошнія пяць гадоў у эканоміку краіны ўкладзены інвестыцыі ў асноўны капітал у памеры больш як $70 млрд., у той час як у мінулай пяцігодцы гэты паказчык складаў $20 млрд.", - праінфармаваў кіраўнік Мінэканомікі. Разам з тым, паводле яго слоў, "пры дасягнутым тэмпе росту інвестыцый у асноўны капітал больш як у 2,3 раза тэмп росту ВУП вырас толькі на 40 працэнтаў".

Міністр адзначыў, што апошнія гады ў краіне назіралася ўстойлівая тэндэнцыя выцяснення інвестыцый у абсталяванне інвестыцыямі ў збудаванні. На думку Мікалая Снапкова, у кароткатэрміновай перспектыве інвестыцыі ў жыллё могуць падтрымаць рост эканомікі, у больш доўгатэрміновай перспектыве залішняе інвесціраванне ў жыллёвае будаўніцтва будзе перашкаджаць накіраванню фінансавых патокаў у новыя вытворчасці і тэхналогіі. У той жа час менавіта інвестыцыі ў абсталяванне, новыя тэхналогіі ў значнай ступені павышаюць тэмпы росту ВУП. "Таму прынцыпова важна на гэтым этапе ў эканоміку краіны прыцягваць прамыя замежныя інвестыцыі, якія выступаюць найперш у якасці носьбітаў новых тэхналогій і забяспечваюць у сярэднетэрміновай перспектыве самы галоўны фактар росту эканамічнага стану краіны, гэта значыць гарантаваны доступ да сыравінных рынкаў і рынкаў збыту", - падкрэсліў ён.

Пры гэтым Мікалай Снапкоў дадаў, што прыцягненне прамых замежных інвестыцый - гэта не замежныя крэдытныя лініі. Прыцягненне такіх інвестыцый магчыма толькі на аснове стварэння замежных або сумесных кампаній з доляй замежнага капіталу больш як 10 працэнтаў. "Менавіта гэта з'яўляецца гарантыяй таго, што ў краіну будзе ўвозіцца высокатэхналагічнае абсталяванне", - рэзюмаваў Мікалай Снапкоў.

Фотаздымкі

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь