Урад рыхтуе прапановы па больш хуткім павелічэнні мінімальнай заработнай платы. Аб гэтым заявіў журналістам Прэм'ер-міністр Сяргей Румас.
"Урад працуе над унясеннем прапаноў Кіраўніку Дзяржавы аб больш хуткім у параўнанні з папярэднімі планамі павелічэнні мінімальнай заработнай платы. Не сакрэт, што ў некаторых галінах сёння заработная плата складае $200, а то і менш. Таму мы рыхтуем прапановы, каб падцягнуць па заработнай плаце нізкааплатныя слаі насельніцтва", - сказаў Сяргей Румас.
Калі прапановы будуць адобраны, то, як растлумачыў Прэм'ер-міністр, наймальнікі ўсіх форм уласнасці, усіх галін эканомікі павінны будуць забяспечыць мінімальную зарплату ў адпаведнасці з тым узроўнем, які кожны квартал будзе павышаць Урад.
Сёння падпісана пастанова Савета Міністраў аб устанаўленні тарыфнай стаўкі першага разраду і павышэнні заработнай платы асобным катэгорыям работнікаў. Паводле слоў Сяргея Румаса, дакумент быў распрацаваны яшчэ папярэднім складам урада ў мэтах выканання даручэнняў Кіраўніка Дзяржавы, якія ён даў пры наведванні прадпрыемстваў Слуцкага раёна ў лютым бягучага года.
Згодна з пастановай, з 1 верасня аклады работнікаў адукацыі і аховы здароўя павышаюцца ад 20 працэнтаў да 100 працэнтаў. З 1 кастрычніка бягучага года павялічваецца тарыфная стаўка першага разраду - з Br34 да Br35,5. "Усе гэтыя меры, паводле нашых разлікаў, дадуць магчымасць ужо ў чацвёртым квартале выйсці на мэтавую задачу - забяспечыць сярэднюю зарплату ў бюджэтнай сферы ў памеры 80 працэнтаў ад сярэдняй зарплаты па краіне. Арыенціровачна, у снежні гэтага года сярэдняя зарплата бюджэтнікаў складзе Br850, - адзначыў кіраўнік Урада. - Прынятыя меры з'яўляюцца першым крокам па выкананні задачы, пастаўленай кіраўніком дзяржавы па павелічэнні заработнай платы настаўнікаў і ўрачоў да 2025 года ў 2 разы".
Сродкі, неабходныя для павышэння заработнай платы работнікаў бюджэтных арганізацый у гэтым годзе, Урад накіруе з рэзервовага фонду Кіраўніка Дзяржавы.