навіна

ад 10.09.2020

Раман Галоўчанка: Праграма па развіцці Аршанскага раёна ў цэлым выконваецца

Праграма па развіцці Аршанскага раёна ў цэлым выконваецца. Такую ацэнку даў па выніках наведвання шэрагу аб'ектаў рэгіёну Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка.

Раман Галоўчанка падкрэсліў, што дадзены праграмны дакумент вельмі шырокі і ўключае сотні мерапрыемстваў. "Не скажу, што сітуацыя цалкам радасная. Некаторыя мерапрыемствы звязаны з бюджэтным фінансаваннем, якое адрозніваецца рытмічнасцю. Дзесьці задзейнічаны ўласныя сродкі прадпрыемстваў. Там у некаторых выпадках узнікаюць праблемы з-за агульнай эканамічнай сітуацыі. Таму даводзіцца ісці на карэкціроўкі. Але ў цэлым праграма выконваецца нядрэнна", - канстатаваў Прэм'ер-міністр. Ён таксама звярнуў увагу, што дастаткова вялікая колькасць аб'ектаў ужо ўведзена ў гэтым годзе. Шмат запланавана на 2021 год. Гэта само па сабе паказальна.

Вызначаючы ключавыя задачы для раёна на бліжэйшую перспектыву, Раман Галоўчанка падкрэсліў, што асноўная мэта адна. "Трэба выконваць запланаваныя мерапрыемствы. Па многіх з іх ёсць карэкціроўкі ў сувязі з тым, што пры вёрстцы дакумента некаторыя моманты не былі канкрэтызаваны. Трэба ўдакладняць, напрыклад, кошт, актуалізаваць праект. Гэта дынамічны працэс. Галоўнае, каб на гэта хапіла рэсурсаў", - сказаў ён.

Рабочая паездка Прэм'ер-міністра ўключала наведванне інфраструктурных аб'ектаў асаблівай эканамічнай зоны "Брэміна-Орша", Аршанскага мясакансервавага камбіната і правядзенне нарады ў Аршанскім райвыканкаме.

Незапланаванай кропкай на маршруце стаў Аршанскі авіярамонтны завод. "Там таксама рэалізуецца дастаткова вялікая праграма ў рамках комплекснага плана. Былі складанасці ў сувязі  са скарачэннем запланаваных рэсурсаў з-за сціску кантрактаў. Але мы прынялі па ім рашэнне і знайшлі грошы. Заехаў пераканацца, што ўсе рэалізуецца, як і было задумана", - адзначыў Прэм'ер-міністр.

Падводзячы вынікі сваёй рабочай паездкі, Раман Галоўчанка канстатаваў, што яна атрымалася досыць насычанай. "Тут шмат аб'ектаў, якія знаходзяцца на кантролі і ў адпаведнасці з указам Прэзідэнта, і з праграмай Урада, і ў цэлым знакавых аб'ектаў. Таму наша сённяшняя мэта - правесці кантроль, так як па многіх мерапрыемствам ўжо набліжаюцца тэрміны здачы", - дадаў Прэм'ер-міністр. У прыватнасці, да 7 лістапада павінна быць уведзена ў строй узлётна-пасадачная паласа, фактычна пачацца яе камерцыйная эксплуатацыя. "Асабіста я планаваў пераканацца, наколькі рэалізуецца задума камерцыялізацыі аб'екта", - сказаў Раман Галоўчанка.

Фота: БелТА

Фотаздымкі

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь