Пастанова Савета Міністраў

от 09.02.2011

№ 163

Дзяржпраграма прафілактыкі і лячэння анказахворванняў на 2011-2014 гады зацверджана ў Беларусі

Запампаваць Постановление Совета Министров Республики Беларусь от 9 февраля 2011 г. № 163
​Дзяржаўная комплексная праграма прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння анкалагічных захворванняў на 2011-2014 гады зацверджана пастановай Савета Міністраў Беларусі ад 9 лютага 2011 года нумар 163.

Галоўная мэта Дзяржпраграмы - зніжэнне ў Беларусі тэмпу росту захваральнасці на злаякасныя новаўтварэнні і смяротнасці ад іх.

Заказчыкамі Дзяржпраграмы выступілі Міністэрства аховы здароўя, аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам. Міністэрства аховы здароўя таксама будзе выконваць функцыю каардынатара работы па рэалізацыі мерапрыемстваў праграмы і штогод да 25 лютага на аснове справаздач, што прадстаўляюцца заказчыкамі, інфармаваць Савет Міністраў аб праведзенай рабоце.

Праблема захваральнасці на злаякасныя новаўтварэнні актуальная для многіх краін. Згодна з прагнозам СААЗ, да 2020 года штогод у свеце будзе рэгістравацца да 16 млн. выпадкаў захворванняў на рак, а таксама да 10 млн. смярцей ад анкалогіі. У Беларусі цяпер намецілася тэндэнцыя да зніжэння смяротнасці ад злаякасных новаўтварэнняў, аднак за апошнія 10 гадоў захваральнасць на анкалагічныя хваробы крыху вырасла.

Дакументам прадугледжаны комплексны падыход да вырашэння пастаўленых задач, бо праблема анказахворванняў не толькі выключна медыцынская. На сітуацыю ўплывае і экалагічны фактар, і якасць харчавання, і паводзіны самога чалавека: наяўнасць у яго шкодных звычак, лад жыцця. Таму сваю лепту ў рэалізацыю мерапрыемстваў Дзяржпраграмы будуць уносіць многія ведамствы рэспублікі.

Сярод асноўных задач Дзяржпраграмы - скарачэнне суадносін паказчыка смяротнасці і захваральнасці пацыентаў са злаякаснымі новаўтварэннямі, а таксама выкананне мерапрыемстваў, накіраваных на павелічэнне колькасці такіх пацыентаў, якія пражылі больш за 5 гадоў, да 60 працэнтаў. Акрамя таго, адным з важных момантаў з'яўляецца выяўленне хворых з анкалагічнымі захворваннямі пры прафілактычных аглядах не ніжэй за 60 працэнтаў да 2014 года. Яшчэ адна задача - павелічэнне на 20 працэнтаў выяўляльнасці раку на ранніх стадыях.

Плануецца таксама палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў аховы здароўя, якія займаюцца лячэннем і рэабілітацыяй анкалагічных хворых. Не застануцца без увагі і пытанні, якія датычацца ўкаранення высокатэхналагічных метадаў лячэння такіх пацыентаў, набыцця хірургічных модуляў для выканання малаінвазіўных і дакладных аперацыйных умяшанняў.

Намечана таксама мэтанакіраваная работа па змяншэнню рызыкі развіцця анкалагічных захворванняў. Гэта і вакцынацыя супраць раку шыйкі маткі, і імунізацыя супраць віруснага гепатыту, і скрынінгавыя мерапрыемствы па дыягностыцы раку малочнай залозы і інш. Упор будзе зроблены як на першасную прафілактыку, так і на другасную - зніжэнне колькасці абвастрэнняў і інвалідызацыі.

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь