Пастанова Савета Міністраў

от 10.05.2011

№ 587

Дзяржпраграма па маніторынгу палярных раёнаў Зямлі і забеспячэнню дзейнасці арктычных і антарктычных экспедыцый на 2011-2015 гады зацверджана Урадам Беларусі

Запампаваць Постановление Совета Министров Республики Беларусь от 10 мая 2011 г. № 587
Урадам Беларусі зацверджана Дзяржаўная праграма "Маніторынг палярных раёнаў Зямлі і забеспячэнне дзейнасці арктычных і антарктычных экспедыцый на 2011-2015 гады". Адпаведнае рашэнне прынята пастановай Савета Міністраў ад 10 мая 2011 года нумар 587 "Аб некаторых пытаннях арганізацыі даследаванняў палярных раёнаў Зямлі".

Дадзеная Дзяржпраграма з'яўляецца асноўным механізмам выканання Беларуссю міжнародных абавязацельстваў па Дагавору аб Антарктыцы і атрымання нашай краінай статусу Кансультатыўнага боку, а таксама забеспячэння доўгатэрміновых палітычных і навуковых інтарэсаў Беларусі ў палярных абласцях Зямлі.

Беларусь з 2007 года праводзіць у паўднёвай палярнай вобласці Зямлі міжнародную навуковую і лагістычную дзейнасць. У снежні 2007 года ў раёне расійскай станцыі "Маладзёжная" ва Усходняй Антарктыдзе адкрыты беларускі сезонны палявы лагер. У 2007-2010 гадах праведзены тры беларускія антарктычныя экспедыцыі. За гэты час у Антарктыдзе пабывалі 12 беларускіх спецыялістаў.

У выніку праведзеных у 2007-2010 гадах даследаванняў распрацаваны і створаны прыборны комплекс для маніторынгу атмасферы ў Антарктыдзе, алгарытмы і праграмы для ацэнкі характарыстык снежнага покрыва па даных касмічных назіранняў, эксперыментальныя ўзоры аўтаматызаваных прыбораў для выканання вымярэнняў спектральнага размеркавання інтэнсіўнасці прыземнага сонечнага выпрамянення і агульнай колькасці азону ў атмасферы, радыёлакацыйны комплекс падпаверхневага зандзіравання снежна-ледзянога покрыва, тэктанічная карта Зямлі Эндэрбі. Праведзены комплексныя біялагічныя даследаванні флоры і фаўны гэтага рэгіёну.

Дзяржпраграма "Маніторынг палярных раёнаў Зямлі і забеспячэнне дзейнасці беларускіх арктычных і антарктычных экспедыцый на 2011-2015 гады" распрацавана з улікам вопыту, набытага беларускімі палярнікамі ў перыяд іх работы ў антарктычных экспедыцыях, і будзе забяспечваць навуковыя, эканамічныя і геапалітычныя інтарэсы Беларусі ў высокашыротных раёнах Зямлі.

Арганізацыйная схема забеспячэння навукова-даследчай і экспедыцыйнай дзейнасці ў Антарктыцы ўключае навуковыя даследаванні і практычную работу па арганізацыі і падтрыманню экспедыцыйнай інфраструктуры, якая ўключае антарктычную беларускую навуковую базу і забеспячэнне транспартных схем, а таксама правядзенне штогадовых сезонных беларускіх (у перспектыве зімовачных) антарктычных экспедыцый.

Навуковая і практычная дзейнасць у рамках Дзяржпраграмы будзе ажыццяўляцца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, якія арганізуюць навуковыя даследаванні і лагістычную падтрымку беларускіх антарктычных экспедыцый, а таксама падрыхтоўку неабходнага нарматыўнага прававога і тэхнічнага забеспячэння ў галіне палярных даследаванняў.

Новая праграма прадугледжвае правядзенне навуковых даследаванняў і маніторынгу стану прыроднага асяроддзя палярных раёнаў Зямлі, накіраваных на атрыманне Беларуссю статусу раўнапраўнага ўдзельніка сусветнага працэсу па даследаванню і выкарыстанню палярных раёнаў, забеспячэнне доўгатэрміновых палітычных, эканамічных і навуковых інтарэсаў краіны ў палярных абласцях Зямлі, выкананне міжнародных абавязацельстваў у рамках Дагавора аб Антарктыцы і атрыманне статусу Кансультатыўнага боку.

Сярод асноўных задач праграмы - развіццё сучаснай сістэмы комплекснага маніторынгу навакольнага асяроддзя ў раёне работы беларускай антарктычнай экспедыцыі з выкарыстаннем дыстанцыйных сістэм назіранняў, правядзенне навуковых экспедыцый і фарміраванне інфраструктуры беларускай антарктычнай базы, аснашчэнне яе сучасным тэхналагічным абсталяваннем, укараненне ў практыку распрацаваных у рамках дзяржпраграмы новых метадаў, тэхналогій і прыбораў, у тым ліку для забеспячэння імпартазамяшчэння шляхам апрабавання ў палярных экспедыцыях. Беларусь прадоўжыць развіццё міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы вывучэння палярных раёнаў Зямлі, інтэграцыю сістэм назіранняў у міжнародныя сеткі маніторынгу навакольнага асяроддзя.

З улікам узмацнення геапалітычнага інтарэсу многіх краін свету да паўднёвай вобласці планеты і праводзімых імі мерапрыемстваў па ўмацаванню сваёй прысутнасці ў Арктыцы і Антарктыцы ў 2011-2015 гадах будзе прадоўжана супрацоўніцтва Беларусі з Расійскай федэрацыяй у міжнароднай, навуковай і лагістычнай сферах. Пры дасягненні плануемых у дзяржаўнай праграме вынікаў будзе створана аснова для правядзення пры неабходнасці даследаванняў арктычных рэгіёнаў без дадатковых затрат на стварэнне абсталявання і прыбораў для гэтых мэт.​

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь