Беларусь заключыць інвестыцыйны дагавор аб рэалізацыі праекта па комплекснаму асваенню і распрацоўцы сілікатных пяскоў і мелу радовішча "Хаціслаўскае". Такое рашэнне прынята пастановай Савета Міністраў Беларусі нумар 13 ад 4 студзеня 2012 года.
Інвестыцыйны дагавор будзе заключаны паміж Рэспублікай Беларусь і ТАА "Трайпл", кампаніяй з абмежаванай адказнасцю "Рэдкаст Холдынгз Лімітэд" (Redcast Holdings Limited), ТДА "Белнафтагаз", СЗАТ "КварцМелПрам". У адпаведнасці з гэтым дагаворам будзе рэалізоўвацца інвестпраект па комплекснаму асваенню і распрацоўцы сілікатных пяскоў і мелу радовішча "Хаціслаўскае" ў Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці.
На падпісанне дагавора ад імя Беларусі ўпаўнаважаны Брэсцкі аблвыканкам. Аблвыканкам таксама павінен ўзгадніць пералік тэхналагічнага абсталявання (камплектуючых і запасных частак да яго), што ўвозіцца на тэрыторыю рэспублікі для выкарыстання пры выкананні інвестпраекта. З гэтай мэтай будуць пацверджаны льготы па выплаце ўвазных мытных пошлін (з улікам міжнародных абавязацельстваў Беларусі) і ПДВ на ўвоз абсталявання.
Адказным за каардынацыю работы па выкананню інвестыцыйнага дагавора вызначана Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва.
Запасы мелу, што залягаюць у радовішчы "Хаціслаўскае" ў Маларыцкім раёне, можна выкарыстоўваць для вытворчасці паветрана-кальцыевай вапны, а запасы пяску – для вытворчасці сілікатных вырабаў.