Пастанова Савета Міністраў

от 06.01.2012

№ 17

Саўмін зацвердзіў дзяржпраграму "Замкі Беларусі" на 2012-2018 гады

Запампаваць Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 студзеня 2012 года №17 Запампаваць ДЗЯРЖАЎНАЯ ПРАГРАМА ”Замкі Беларусі“ на 2012 – 2018 гады Запампаваць Мерапрыемствы Дзяржаўнай праграмы ”Замкі Беларусі“ на 2012 – 2018 гады Запампаваць Паказчыкі Дзяржаўнай праграмы ”Замкі Беларусі“ на 2012 – 2018 гады Запампаваць Рэсурснае забеспячэнне Дзяржаўнай праграмы ”Замкі Беларусі“ на 2012 – 2018 гады
Савет Міністраў зацвердзіў дзяржаўную праграму "Замкі Беларусі" на 2012-2018 гады. Такое рашэнне змяшчаецца ў пастанове № 17 ад 6 студзеня.

Мэта дзяржпраграмы – стварэнне спрыяльных умоў для захавання, аднаўлення і рацыянальнага выкарыстання аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, развіцця ўнутранага і ўязнога турызму. "Замкі Беларусі" прадугледжваюць рэалізацыю шэрагу мерапрыемстваў па захаванню гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Усе яны ўлічваюць асаблівасці вонкавага аблічча аб'ектаў (сілуэты замкаў, прыроднае асяроддзе, ландшафт), наяўнасць у кожным з іх характэрных рыс.

Чакаецца, што рэалізацыя праграмы будзе садзейнічаць адраджэнню і захаванню культурнай і духоўнай спадчыны Беларусі, умацаванню прэстыжу краіны ў міжнароднай супольнасці, ўключэнню гісторыка-культурных каштоўнасцяў абароннага тыпу ў сферу культурнага і эканамічнага жыцця, пашырэнню разнастайнасці і геаграфіі турыстычных маршрутаў, што ў сваю чаргу дапаможа прыцягнуць у краіну больш замежных турыстаў і павялічыць грашовыя паступленні ў дзяржаўны бюджэт.

Фінансаванне праграмы ажыццяўляецца за кошт сродкаў, прадугледжаных у рэспубліканскім і мясцовым бюджэтах, а таксама за кошт уласных сродкаў арганізацый-выканаўцаў і іншых крыніц. У 2012-2018 гадах на рэалізацыю патрабуюцца сродкі ў памеры больш за Br131 млрд., у тым ліку з рэспубліканскага бюджэту – Br2,5 млрд., мясцовых бюджэтаў – каля Br129 млрд., сродкаў інвестараў – Br25 млн. Акрамя таго, на гэтыя мэты будуць накіраваны сродкі, якія штогод зацвярджаюцца ўказам Прэзідэнта па дзяржаўнай інвестыцыйнай праграме. Па шэрагу аб'ектаў фінансаванне мерапрыемстваў запланавана пры рэалізацыі іншых праграм.

Паводле матэрыялаў даследчыкаў старажытнай архітэктуры на тэрыторыі Беларусі ў розныя часы існавала не менш за 150 замкаў, выдатных сваёй гісторыяй, архітэктурнымі і ландшафтнымі асаблівасцямі. У выпадку знешняй агрэсіі замкі, якія ў мірны час выконвалі функцыю рэзідэнцый, станавіліся магутнымі фарпостам, якія абаранялі ад ворагаў не толькі населеныя пункты, але і ўсю краіну. Да нашага часу захаваліся далёка не ўсе будынкі. Большасць замкаў зведалі змены. Асобныя пабудовы, якія належалі беларускім магнатам, былі абноўленыя і выкарыстоўваліся ў якасці рэзідэнцый.

У Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў замкі рознага часу стварэння і ступені захаванасці прадстаўлены як помнікі архітэктуры і археалогіі.

Дзяржпраграма накіравана на каардынацыю плануемых мерапрыемстваў па захаванню, кансервацыі, рэстаўрацыі, прыстасаванню замкаў у існуючай планіровачнай сістэме населеных пунктаў. Сёння большасць замкаў, іх фрагментаў і рэшткаў знаходзяцца ў нездавальняючым стане. Праграмай прадугледжана правядзенне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на 38 аб'ектах, іх прыстасаванне і экспанаванне.

Так, на сямі аб'ектах, якія захаваліся ў большай ступені, выкананы, праводзяцца або плануюцца рэстаўрацыйныя работы і прыстасаванне да сучасных сацыяльна-культурных патрабаванняў. На сямі аб'ектах, якія захаваліся часткова, плануецца правядзенне кансервацыі руін для забеспячэння іх доўгачасовай захаванасці і экспанавання ў існуючым выглядзе. Прадугледжваецца магчымасць прыстасаванні асобных пабудоў помнікаў архітэктуры для размяшчэння ў іх музейных экспазіцый.

Захаваліся рэшткі 19 былых збудаванняў, якія адносяцца да помнікаў археалогіі. З улікам гістарычнай значнасці і археалагічнай каштоўнасці гэтых аб'ектаў найбольш мэтазгодным з'яўляецца добраўпарадкаванне іх тэрыторый з выяўленнем месцазнаходжання замкавых збудаванняў у сістэме планіроўкі.

Акрамя таго, на пяці помніках археалогіі плануецца правесці работы па музеефікацыі.

Дзяржпраграма распрацавана ў адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта, дадзеным 16 снежня 2010 года. Яе заказчыкам выступае Міністэрства культуры, аблвыканкамы, Мінскі гарвыканкам, заказчык-каардынатар – Мінкультуры. Заказчыкі дзяржпраграмы ў рамках сваёй кампетэнцыі будуць ажыццяўляць кантроль за выкананнем мерапрыемстваў дзяржпраграмы. Штогод да 10 лютага ў Мінкультуры павінны прадастаўляцца справаздача аб ходзе яе рэалізацыі. Мінкультуры на іх аснове будзе да 25 лютага прадастаўляць інфармацыю ў Савет Міністраў.

Пастанова ўступае ў сілу пасля афіцыйнага апублікавання.​

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь