Беларусь дыферэнцавала тэрміны завяршэння знешнегандлёвых аперацый пры пастаўцы дарагой тэхнікі на экспарт. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў і Нацыянальнага банка Беларусі ад 11 красавіка 2012 года нумар 327/8.
Дакумент уносіць змяненні і дапаўненні ў пастанову ўрада і Нацбанка ад 5 лістапада 2011 года нумар 1483/22 "Аб устанаўленні тэрмінаў завяршэння знешнегандлёвых аперацый па асобных відах знешнегандлёвых дагавораў і ўмовах прадаўжэння тэрмінаў завяршэння знешнегандлёвых аперацый".
Неабходнасць дыферэнцыяцыі тэрмінаў завяршэння знешнегандлёвых аперацый пры пастаўцы дарагой тэхнікі на экспарт у залежнасці ад кошту адзінкі тэхнікі абумоўлена патрабаваннем павышэння канкурэнтаздольнасці айчынных тавараў за кошт прадастаўлення пакупнікам адтэрміноўкі плацяжу і павелічэння аб'ёмаў экспарту.
Паводле меркавання рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і суб'ектаў гаспадарання, прадугледжаная пастановай нумар 1483/22 норма аб завяршэнні знешнегандлёвых аперацый пры экспарце дарагой (больш як 100 тыс. еўра ў эквіваленце) тэхнікі не пазней за 720 дзён з дня адгрузкі тавараў распаўсюджваецца на вельмі абмежаванае кола экспартуемай прадукцыі, таму што кошт асноўных мадэлей тэхнікі не перасягае 50-70 тыс. еўра. У выніку практычна немагчыма было прымяняць гэту норму для тэхнікі, таннейшай за 100 тыс. еўра, а гэта вядзе да скарачэння экспарту.
Акрамя таго, пастановай дапаўняецца пералік падпадаемай пад гэту норму тэхнікі дарожна-будаўнічай і лесапрамысловай.
Таксама пастановай устанаўліваюцца індывідуальныя тэрміны завяршэння знешнегандлёвых аперацый пры пастаўцы на экспарт машынакамплектаў, маторакамплектаў, трактаракамплектаў, камбайнакамплектаў і іншых камплектуючых вырабаў у адрас арганізаваных за мяжой сумесных прадпрыемстваў, зборачных вытворчасцей, а таксама запасных частак, ліфтаў і ліфтавага абсталявання. Гэта неабходна для павелічэння канкурэнтаздольнасці рэалізуемай на знешніх рынках прадукцыі прадпрыемствамі Міністэрства прамысловасці, якія маюць за мяжой сумесныя прадпрыемствы і вытворчасці. Прадукцыя, што выпускаецца на іх з камплектуючых беларускіх прадпрыемстваў, атрымлівае статус "айчыннай" у гэтых краінах і ўключаецца ў федэральныя і рэгіянальныя схемы патаннення пры яе набыцці.
Разам з тым у рабоце праз сумесныя прадпрыемствы ёсць свае асаблівасці, якія ўносяць значныя адрозненні ад традыцыйна прынятай сістэмы работы па перадаплаце без прадастаўлення адтэрміноўкі. Так, пры пастаўцы камплектаў на сумесныя вытворчасці патрэбна 10-12 месяцаў на поўны цыкл: дастаўка камплектаў да СП, прыёмка, праверка, працэс зборкі і вытворчасць тэхнікі, дастаўка да ТПС, продаж у сезон, афармленне крэдыту і аплата пакупнікамі пасля атрымання тэхнікі. Гэта патрабуе больш працяглага часу для завяршэння знешнегандлёвай аперацыі.
Пастановай таксама ўстаноўлены тэрміны знешнегандлёвых аперацый для фармацэўтычнай прадукцыі.