У пералік санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый Беларусі ўнесены карэкціроўкі для рэалізацыі права грамадзян на санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне з выкарыстаннем сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання і рэспубліканскага бюджэту. Такое рашэнне змешчана ў пастанове Савета Міністраў ад 13 красавіка 2012 года нумар 339.
Права на санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне з выкарыстаннем сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання і рэспубліканскага бюджэту рэалізуецца грамадзянамі ў арганізацыях, якія прайшлі абавязковую дзяржаўную атэстацыю. Пастановай нумар 339 зацверджаны абноўлены пералік такіх арганізацый.
У выніку праведзенай дзяржаўнай атэстацыі ў рэспубліцы аптымізавана сетка санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый рознай формы ўласнасці і ведамаснай прыналежнасці. Па стану на 1 красавіка бягучага года статус санаторна-курортнай арганізацыі прысвоены 109 арганізацыям, статус аздараўленчай арганізацыі – 259.
Па выніках дзяржатэстацыі ў 2011 годзе адной арганізацыі вызначаны статус "аздараўленчая арганізацыя"; тром – "санаторна-курортная арганізацыя"; у 16 санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый адбыліся змяненні ў назве, якія былі ўнесены ва ўстаноўчыя дакументы; тры аздараўленчыя арганізацыі выключаны з пераліку ў сувязі са зменай уласніка і змяненнем віду дзейнасці.
Арганізацыі, якія прайшлі абавязковую дзяржатэстацыю, уключаныя ў пералік, набываюць права ўдзельнічаць у конкурсе (іншых працэдурах закупак) па закупцы паслуг па санаторна-курортнаму лячэнню і аздараўленню насельніцтва.
Пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.