У Беларусі зацверджана Палажэнне аб тэрмінах, парадку і ўмовах правядзення месячніка Чырвонага Крыжа. Такое рашэнне змешчана ў пастанове Савета Міністраў ад 13 красавіка бягучага года нумар 342.
Палажэнне зацверджана на аснове часткі другой артыкула 17 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб Беларускім таварыстве Чырвонага Крыжа".
Месячнікі з'яўляюцца традыцыйнай формай работы Чырвонага Крыжа, яны праводзяцца на аснове розных лакальных актаў. Упершыню Палажэнне аб тэрмінах, парадку і ўмовах правядзення месячніка Чырвонага Крыжа зацверджана пастановай Савета Міністраў. У адпаведнасці з гэтым дакументам рэспубліканскім органам дзяржкіравання і іншым дзяржаўным арганізацыям, падпарадкаваным ураду, аблвыканкамам і Мінгарвыканкаму ў межах сваёй кампетэнцыі варта аказваць садзейнічанне БТЧК у падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў у рамках месячніка Чырвонага Крыжа на бязвыплатнай аснове. Гэта спросціць для БТЧК арганізацыю мерапрыемстваў месячніка.
Міністэрству інфармацыі сумесна з Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй даручана па заяўках Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і дзяржорганаў, якія ўдзельнічаюць у правядзенні мерапрыемстваў у рамках месячніка, забяспечваць асвятленне мерапрыемстваў у СМІ, у тым ліку шляхам размяшчэння (распаўсюджвання) сацыяльнай рэкламы.
Месячнік прымеркаваны да Сусветнага дня Чырвонага Крыжа і праходзіць штогод з 8 мая па 1 чэрвеня. У рамках месячніка БТЧК сумесна з дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі праводзіць дабрачынныя мерапрыемствы і акцыі па збору сродкаў і ахвяраванняў для аказання дапамогі найменш абароненым катэгорыям насельніцтва. Асаблівая ўвага ўдзяляецца стварэнню новых пярвічных арганізацый, павелічэнню колькасці членаў і валанцёраў БТЧК. Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа ў ходзе месячніка прымае ўдзел у гігіенічным выхаванні, навучанні насельніцтва краіны і валанцёраў аказанню першай дапамогі, ажыццяўленню догляду хворых дома. З удзелам валанцёраў аказваецца медыка-сацыяльная дапамога адзінокім пажылым людзям і інвалідам, арганізуецца наведванне ветэранаў і інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны медыцынскімі сёстрамі міласэрнасці. У рамках месячніка праводзяцца публічныя акцыі, якія прапагандуюць асноватворныя прынцыпы Міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца і гуманітарныя каштоўнасці.
Згодна з Палажэннем, БТЧК штогод да 20 красавіка распрацоўвае і зацвярджае сумесна з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі праграму правядзення месячніка. Дарэчы, стадыёны, паркі і іншыя аб'екты сацыяльна-культурнага прызначэння могуць прадастаўляцца для правядзення мерапрыемстваў месячніка (на бязвыплатнай аснове ў парадку, устаноўленым заканадаўствам). Па выніках выканання праграмы месячніка Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа штогод фарміруе і зацвярджае зводную справаздачу, якая да 1 ліпеня прадстаўляецца на разгляд прэзідыума БТЧК.
Пастанова ўрада ўступае ў сілу з 6 чэрвеня 2012 года.