Першы Намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Мікалай Снапкоў прадставіў калектыву дзяржаўнай установы "Нацыянальнае агенцтва па турызме" новага кіраўніка - Кірыла Машарскага.
Мікалай Снапкоў адзначыў значны патэнцыял індустрыі гасціннасці. Урад са свайго боку будзе аказваць калектыву падтрымку. Важна, каб у структуры працавалі прафесіяналы, якія разумеюць, аб чым ідзе размова, ведаюць, як рэалізаваць турыстычны патэнцыял краіны.
"Турызм уключае ў сябе 55 відаў эканамічнай дзейнасці. Без міжгаліновых балансаў, без узаемасувязі развіццё будзе складаным, - адзначыў Мікалай Снапкоў. - Праведзена вялікая работа па выбудоўванні новай архітэктуры. Мы скасавалі Дэпартамент па турызме, узнялі статус агенцтва - агенцтва падпарадкоўваецца непасрэдна ўраду. Выбудавалі вертыкаль, - перафармаціравалі ТІЦы (турыстычныя інфармацыйныя цэнтры), вызначылі ў аблвыканкамах і райвыканкамах адказных і канкрэтных выканаўцаў".
Паводле слоў першага намесніка прэм'ер-міністра, цяпер чакаецца данастройка сістэмы. "Ваша задача - вызначыць доўгатэрміновую філасофію і ідэалогію развіцця турыстычнай галіны, тое, за чым у Беларусь будуць ездзіць у будучым, што мы можам прапанаваць свету, у чым наша адметнасць", - сказаў Мікалай Снапкоў.
Другой задачай ён назваў пошук партнёраў для вырашэння актуальных пытанняў, а таксама актыўную работу з рэгіёнамі, пастаяннае ўдасканаленне кампетэнцый, павышэнне ўзроўню прафесіяналізму.
"Спрацаваць дрэнна мы не маем права. Гэтай галіной мы можам змяніць эканоміку і аблічча краіны", - адзначыў Мікалай Снапкоў, дадаўшы, што ў дасягненні мэт адзін у полі не воін. Таму трэба аб'яднаць намаганні ўсіх зацікаўленых, прадоўжыць фарміраванне інстытутаў і нарматыўна-прававой базы.