Маштабныя экспазіцыі, шырокая дзелавая праграма. Якім будзем "ІНАПРАМ", расказаў Віктар Каранкевіч

Намеснік Прэм'ер-міністра Віктар Каранкевіч расказаў у эфіры тэлеканала "Першы інфармацыйны", якой будзе выстаўка "ІНАПРАМ", што пройдзе ў Мінску 29 верасня - 1 кастрычніка.

"ІНАПРАМ" - гэта міжнародная прамысловая выстаўка, якая збірае вялікую колькасць прамысловых прадпрыемстваў, навуковую супольнасць. "На сваіх экспазіцыях яны могуць прадэманстраваць свае дасягненні, найноўшыя распрацоўкі, перадавыя тэхналогіі, запатрабаваныя ў розных сферах дзейнасці, у тым ліку рэалізуемыя ў рамках маштабных інавацыйных праектаў", - расказаў Віктар Каранкевіч.

Традыцыйна з 2010 года выстаўка праходзіць у Екацярынбургу, з 2019 года - ужо і на міжнародных іншых пляцоўках за межамі Расійскай Федэрацыі. "Выстаўка праходзіла ў Егіпце, Казахстане, Узбекістане. У гэтым годзе ўпершыню выстаўка праходзіць у Рэспубліцы Беларусь. Таму я хацеў бы падзякаваць нашым калегам, нашым партнёрам з Расійскай Федэрацыі за магчымасць арганізацыі гэтай выстаўкі ў Беларусі", - падкрэсліў віцэ-прэм'ер.

На выстаўцы "ІНАПРАМ" плануецца размяшчэнне вялікай колькасці экспазіцый. Мінскі міжнародны выставачны цэнтр - гэта вялізныя крытыя плошчы, але экспазіцыі будуць размяшчацца і на адкрытай пляцоўцы - там будуць прадстаўлены апошнія ўзоры айчыннай тэхнікі і тэхнікі, якая выраблена на беларуска-расійскіх сумесных прадпрыемствах.

Мерапрыемства будзе праходзіць у адзін час з Саветам кіраўнікоў урадаў СНД і пасяджэннем Еўразійскага міжурадавага савета.

Усяго ў рамках выстаўкі плануецца ўдзел больш як 300 суб'ектаў гаспадарання, якія прадэманструюць свае новыя дасягненні і ўзоры новай прадукцыі.

"На "ІНАПРАМЕ" плануецца правядзенне розных сустрэч, панэльных сесій. Прэзентацыйныя матэрыялы будуць дэманстравацца спікерамі, экспертамі. Таксама плануецца правядзенне круглых сталоў на ўзроўні кампаній, арганізацый, суб'ектаў гаспадарання, дзе можна будзе падзяліцца і вопытам, сваімі ведамі, новымі сваімі распрацоўкамі. Ну і, зноў жа, намеціць новыя напрамкі ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва і заключыць кантракты на пастаўку тэхнікі або вытворчасць той ці іншай прадукцыі", - сказаў Віктар Каранкевіч.

На палях форуму пройдуць рабочыя сустрэчы міжурадавай камісіі з кіраўнікамі суб'ектаў Расійскай Федэрацыі. У рамках гэтых сустрэч плануецца падпісанне і адпаведных дакументаў, дадаў ён.

Ад Беларусі будзе прадстаўлена каля 90 прадпрыемстваў і арганізацый. "Будзе прадстаўлена экспазіцыя Міністэрства прамысловасці і гандлю Расійскай Федэрацыі, органаў дзяржаўнага кіравання і ключавых галін Рэспублікі Беларусь, будуць стэнды экспазіцыі краін СНД, Еўразійскай эканамічнай камісіі, буйных дзяржкарпарацый, такіх як "Расатам" і "Растэх". Прэзентуюць прадукцыю і буйныя прадпрыемствы Беларусі і Расіі, якія могуць прадэманстраваць найноўшыя свае дасягненні, новыя распрацоўкі, якія былі б карыснымі для выкарыстання ў розных сферах дзейнасці", - рэзюмаваў віцэ-прэм'ер.