Прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын сустрэўся з генеральным дырэктарам дзяржкарпарацыі "Расатам" Аляксеем Ліхачовым.
"Лістапад - знакавы месяц для нашых узаемаадносін. Пяць гадоў таму першая электраэнергія з Беларускай АЭС пайшла ў сетку, два гады таму афіцыйна ўвялі станцыю ў эксплуатацыю. Вялікі дзякуй вам за дапамогу, за супрацоўніцтва. Надышоў час абмеркаваць канкрэтныя крокі па нашым далейшым узаемадзеянні. Хацелася б у час сённяшняй сустрэчы разгледзець магчымыя варыянты, узніклі новыя ідэі. Спадзяюся на шчырую размову", - сказаў Аляксандр Турчын.
Генеральны дырэктар "Расатама" адзначыў, што Беларусь імкліва ўварвалася ў эліту атамнай энергетыкі планеты. "40 працэнтаў электрычнасці выпрацоўваецца на атамнай станцыі. Якасць работы БелАЭС дае магчымасць ёй быць не толькі сімвалам беларуска-расійскага супрацоўніцтва, фактарам развіцця эканомікі Беларусі - атамная станцыя стала вітрынай для ўсёй сусветнай атамнай супольнасці. Партнёры з блізкага замежжа і з далёкіх краін нам гавораць: "Былі ў Беларусі, хочам вось так". Вам таксама вялікі дзякуй за тое, што вы шчодра дзеліцеся вопытам, беларускія спецыялісты працуюць з намі ў трэціх краінах", - падкрэсліў Аляксей Ліхачоў.
Другі энергаблок Беларускай АЭС 13 лістапада выведзены ў планава-папераджальны рамонт. "Усё ідзе штатна. Будзем уключаць адпрацаванае ядзернае паліва ў рэцыклінг - у паўторнае выкарыстанне. Бачым станцыю ў Астраўцы як элемент замкнёнага паліўнага цыкла", - падзяліўся ён.
Таксама Аляксей Ліхачоў падзякаваў беларускаму боку за ўвагу да няатамных тэхналогій. У Мінску адкрыўся Рэспубліканскі цэнтр адытыўных тэхналогій. Праект рэалізаваны як сумеснае прадпрыемства беларускага холдынга "Гарызонт" і дзяржкарпарацыі "Расатам". Паводле слоў гендырэктара "Расатама", цікавасць да цэнтра велізарная, у планах нарошчваць яго магутнасці. "Працуем і па накапляльніках энергіі", - дадаў генеральны дырэктар "Расатама".
Фота: БЕЛТА