У Беларусі плануецца правесці восенню выстаўку "ІНАПРАМ"

У Беларусі плануецца правесці выстаўку "ІНАПРАМ" восенню 2026 года. Аб гэтым паведаміў Намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Віктар Каранкевіч на галоўнай пленарнай сесіі міжнароднай прамысловай выстаўкі "ІНАПРАМ. Цэнтральная Азія" ў Ташкенце (Узбекістан).

"У мінулым годзе міжнародная экспазіцыя ўпершыню прайшла ў Беларусі і стала буйнейшай дзелавой падзеяй у прамысловай сферы нашай краіны. І ў гэтым годзе таксама ўсіх запрашаем прыняць удзел у другой міжнароднай прамысловай выстаўцы "ІНАПРАМ. Беларусь" у Мінску, якая адбудзецца з 30 верасня па 2 кастрычніка", - сказаў віцэ-прэм'ер.

Паводле слоў Намесніка Прэм'ер-міністра, выстаўка "ІНАПРАМ. Цэнтральная Азія", якая з 2021 года кожны год праходзіць у Ташкенце, стала галоўнай дыялогавай пляцоўкай для прамыслоўцаў у рэгіёне. "Мерапрыемствы пляцоўкі садзейнічаюць умацаванню гандлёва-эканамічных сувязей і развіццю вытворчых магутнасцей, аб'ядноўваючы прадстаўнікоў бізнесу, органаў выканаўчай улады, суб'ектаў гаспадарання на прасторы Еўразіі", - падкрэсліў Віктар Каранкевіч.

"Беларусь з 2021 года з'яўляецца нязменным удзельнікам выстаўкі са штогадовай дэманстрацыяй сваіх дасягненняў на нацыянальных экспазіцыях на палях форуму. Ахопліваючы крытычна важныя галіны ад энергетыкі і металургіі да машынабудавання і высокіх тэхналогій, "ІНАПРАМ" задае вектар для пошуку новых кропак росту. Маштаб выстаўкі дае магчымасць пераходзіць ад тэрыі да практыкі ў выглядзе глыбокай прамысловай кааперацыі, запуску высокатэхналагічных праектаў. Гэта наглядны прыклад таго, як эфектыўна працуюць механізмы інтэграцыі Саюзнай дзяржавы, ЕАЭС, краін СНД", - заявіў віцэ-прэм'ер.