У Беларусі зацверджана дзяржаўная праграма "Устойлівая энергетыка і энергаэфектыўнасць" на 2026-2030 гады. Адпаведную пастанову падпісаў Прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын.
Мэтамі дзяржпраграмы з'яўляюцца павышэнне энергетычнай эфектыўнасці нацыянальнай эканомікі і ўмацаванне энергетычнай самастойнасці краіны за кошт уключэння ў паліўна-энергетычны баланс краіны мясцовых паліўна-энергетычных рэсурсаў, уключаючы аднаўляльныя крыніцы энергіі, надзейнае і эфектыўнае задавальненне патрэбнасці рэальнага сектара эканомікі і насельніцтва ў даступных энергетычных рэсурсах.
Рэалізацыя праграмы будзе садзейнічаць дасягненню на нацыянальным узроўні Мэт устойлівага развіцця, у тым ліку Мэты нумар 7 "Забеспячэнне ўсеагульнага доступу да недарагіх, надзейных, устойлівых і сучасных крыніц энергіі для ўсіх".
Дзяржаўнай праграмай устаноўлены зводныя мэтавыя паказчыкі: зніжэнне энергаёмістасці ВУП як галоўнага крытэрыя энергетычнай эфектыўнасці эканомікі на 4 працэнты ў 2030 годзе ў адносінах да 2025 года пры тэмпах росту ВУП 115,8 працэнта і павышэнне энергетычнай самастойнасці краіны за кошт павелічэння выкарыстання мясцовых паліўна-энергетычных рэсурсаў да ўзроўню не менш як 33 працэнты ў 2030 годзе.
Для дасягнення зводных мэтавых паказчыкаў дзяржаўнай праграмы распрацаваны тры падпраграмы: "Павышэнне эфектыўнасці выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў", "Павышэнне энергетычнай самастойнасці", "Збалансаванае развіццё і мадэрнізацыя энергетычнай галіны".
У рамках дзяржпраграмы таксама плануецца рэалізаваць шырокі пералік інфраструктурных аб'ектаў.