Урад вызначыў 16 праектаў для сацэканамразвіцця рэгіёнаў, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС

Урад вызначыў 16 праектаў, накіраваных на сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёнаў, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Адпаведную пастанову падпісаў Прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын.

Пастанова Савета Міністраў "Аб вызначэнні пераліку" падрыхтавана МНС сумесна з Брэсцкім, Гомельскім, Гродзенскім і Магілёўскім аблвыканкамамі і прадугледжвае рэалізацыю 16 праектаў у 2026 годзе са сродкаў рэспубліканскага бюджэту, выдзеленых аблвыканкамам у выглядзе субвенцый на развіццё гэтых тэрыторый. У тым ліку сем праектаў у вытворчай сферы (уключаючы сельскагаспадарчую), шэсць - у галіне аховы здароўя, два - у галіне адукацыі (у тым ліку ўзвядзенне басейна), адзін - у сацыяльнай сферы.

З 16 праектаў дзевяць уключаны ў адпаведныя дзяржаўныя праграмы па напрамках дзейнасці, пяць плануецца ўключыць у дзяржпраграмы "АПК будучыні" і "Беларусь інтэлектуальная", два вытворчыя праекты будуць рэалізаваны ў рамках інвестыцыйнай праграмы Гомельскай вобласці.