Вынікі года і перспектывы на пяцігодку. Аляксандр Турчын наведаў ААТ "Нафтан"

Прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын наведаў ААТ "Нафтан", азнаёміўся з работай прадпрыемства і перспектывамі яго развіцця.

Флагман і першынец нафтаперапрацоўчай прамысловасці Беларусі паспяхова працуе 62 гады. Прадпрыемства мае паліўна-маслена-араматычны профіль. Тут выпрацоўваюць нафтапрадукты, якія прымяняюцца ў розных галінах народнай гаспадаркі, а таксама рэалізуюцца на экспарт.

ААТ "Нафтан" завяршыў рэалізацыю самай маштабнай у сваёй гісторыі праграмы інвестыцыйнага развіцця - уведзены ў эксплуатацыю комплекс запаволенага каксавання (КЗК). Гэты праект стаў шмат у чым новым і ўнікальным вопытам не толькі для завода, але і для Беларусі. Яго мэта - атрыманне светлых нафтапрадуктаў: вуглевадароднага і звадкаванага газу, бензіну, цяжкага і лёгкага газойлю, нафтавага коксу. КЗК - дакладнае пападанне ў галоўныя мэты "Нафтана", за кошт яго ўводу глыбіня перапрацоўкі нафты дасягнула 92 працэнты. На КЗК прадпрыемства таксама атрымала новую прадукцыю - серу (вадкую, грануляваную) і нафтавы кокс. Сфера прымянення нафтавага коксу вызначаецца якаснымі характарыстыкамі - цеплынёй згарання, колькасцю ў саставе серы, лятучых рэчываў, попелу і вільгаці. Нафтавы кокс пастаўляецца на экспарт.

Акрамя таго, рэалізацыя інвестыцыйнага праекта "Будаўніцтва комплексу запаволенага каксавання" дазволіла стварыць больш за 400 новых рабочых месцаў у ААТ "Нафтан".

Прэм'ер-міністр азнаёміўся з работай устаноўкі АТ-8, дзе ажыццяўляецца першасная перапрацоўка нафты. Аляксандра Турчына праінфармавалі аб яе тэхнічным стане і прадукцыйнасці - да 7,2 млн т нафты ў год. Адна з важнейшых задач АТ-8 - атрыманне шырокага асартыменту якасных прадуктаў для забеспячэння сыравінай усяго прадпрыемства.

Аляксандр Турчын таксама правёў рабочую сустрэчу на "Нафтане". Адной з ключавых тэм быў разгляд вынікаў работы нафтаперапрацоўчай галіны Беларусі за 2025 год, прагноз на 2026 год і будучую пяцігодку.

Генеральны дырэктар ААТ "Нафтан" Алег Жэбін па выніку рабочай сустрэчы расказаў журналістам, што, акрамя агульных галіновых, абмяркоўваліся пытанні, якія датычыліся развіцця прадпрыемства. "2025 год "Нафтан" закончыў з чыстым прыбыткам, таму спадзяёмся, што і ў наступныя гады ён будзе заставацца флагманам нафтахімічнай прамысловасці. Абмяркоўваліся таксама пытанні мадэрнізацыі прадпрыемства, павышэння эфектыўнасці перапрацоўкі нафты, унутрыгаліновага і міжгаліновага ўзаемадзеяння, выпуску новых відаў прадукцыі", - адзначыў кіраўнік ААТ "Нафтан".

Гендырэктар падкрэсліў, што завяршыўся першы этап мадэрнізацыі - па паліўным варыянце. "Ён сёння цалкам, на 100 працэнтаў выкананы, дзякуючы праведзенай рабоце мы і атрымалі магчымасць завяршыць мінулы год эфектыўна. Наступны наш напрамак развіцця - гэта нафтахімія. Падыходзім да вырашэння пытання акуратна і паслядоўна, з улікам фінансавых магчымасцей, даступных тэхналогій і самае галоўнае - канчатковага эфекту, які мы хочам атрымаць", - рэзюмаваў Алег Жэбін.