З акцэнтам на "лічбе". Аляксандр Турчын прапануе Расіі рэалізаваць сумесны адукацыйны праект будучыні

Беларусь прапануе Расіі рэалізаваць сумесны адукацыйны праект будучыні для падрыхтоўкі кадраў пад патрабаванні свету, які імкліва змяняецца. Аб гэтым заявіў Прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын на сустрэчы з міністрам навукі і вышэйшай адукацыі Расійскай Федэрацыі Валерыем Фальковым.

"Тэма нашай сённяшняй сустрэчы - роля адукацыі ў сучасным свеце, які змяняецца вельмі імкліва, і як мы павінны разам працаваць, каб паспяваць за гэтым светам, эканомікай. У нас ёсць сваё бачанне, як павінны дзейнічаць", - адзначыў Аляксандр Турчын.

Паводле яго слоў, бакам важна вызначыць напрамкі далейшага ўзаемадзеяння: ці будзе яно па лініі класічных універсітэтаў або праз універсітэты новага ўзору, новага пакалення. Асаблівую актуальнасць набывае тэма лічбавізіцыі.

Ён асабліва акцэнтаваў увагу на падрыхтоўцы кадраў кіруючага звяна і пытаннях адукацыі "архітэктараў складаных сістэм". Такія спецыялісты - адзінкавыя. "Першае - як іх нам знайсці, другое - даць правільную адукацыю, - адзначыў Аляксандр Турчын. - "Лічба", лічбавыя платформы, складаныя сістэмы - будучыня. Нікуды ад гэтага не дзенемся. Нам трэба ісці ў нагу з часам, можа, крыху яго і апярэджваючы. Хацеў бы ў ходзе сённяшняй дыскусіі і ваша меркаванне пачуць наконт гэтага".

Прэм'ер-міністр звярнуў увагу на тыя напрацоўкі, якія ёсць у Беларусі, і прапанаваў разгледзець магчымасць удзелу расійскага боку ў рэалізацыі сумеснага адукацыйнага праекта будучыні.

Валерый Фалькоў падзякаваў Аляксандру Турчыну за магчымасць сустрэчы, якая ў тым ліку сведчыць аб значнай увазе ў Беларусі да сферы вышэйшай адукацыі і навуковых даследаванняў.

"Мы паступальна развіваем адносіны. Апошнія гады акцэнт робім на інжынерна-тэхнічнай адукацыі, ідзём тут поплеч, - адзначыў Валерый Фалькоў. - Заахвочваем кааперацыю на ўзроўні ВНУ. У якасці прыярытэту разглядаем сумесныя адукацыйныя праграмы інжынерна-тэхнічнага профілю".

Першыя такія праграмы плануецца рэалізаваць з дзвюма вядучымі ВНУ Казані, а заўтра ў Магілёве на пасяджэнні сумеснай калегіі чакаецца падпісанне пагаднення аб запуску ў самы бліжэйшы час яшчэ трох праграм. Партнёрамі выступаюць Маскоўскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя М.Э.Баўмана і тры вядучыя тэхнічныя ВНУ Беларусі.

Валерый Фалькоў адзначыў, што з улікам профілю прамысловасці, той школы, якая гістарычна склалася ў краіне, такое супрацоўніцтва будзе ўзаемавыгадным. Таксама ён нагадаў аб стварэнні інжынернай школы Саюзнай дзяржавы. Праект стаў паспяховым і развіваецца. Прапануецца пашырыць гэту ініцыятыву.

 

Фота: БЕЛТА