У Беларусі ўдасканалены парадак ільготнага лекавага забеспячэння насельніцтва

У Беларусі ўдасканалены парадак ільготнага лекавага забеспячэння насельніцтва. Адпаведную пастанову Савета Міністраў "Аб ільготным забеспячэнні лекавымі сродкамі і перавязачнымі матэрыяламі" падпісаў Прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын.

Нормы пастановы накіраваны на ўдасканаленне парадку льготнага лекавага забеспячэння насельніцтва, павышэнне сацыяльнай падтрымкі асобных катэгорый грамадзян, якія маюць цяжкія хранічныя захворванні.

Пастановай зацвярджаецца палажэнне аб парадку бясплатнага і льготнага забеспячэння лекавымі сродкамі і перавязачнымі матэрыяламі і ўстанаўліваецца пералік захворванняў, якія даюць права грамадзянам на бясплатнае забеспячэнне лекавымі сродкамі, што выдаюцца па рэцэптах урачоў у межах пераліку асноўных лекавых сродкаў, пры амбулаторным лячэнні, а таксама лячэбным харчаваннем.

Вызначана дакладная перыядычнасць водпуску лякарстваў з аптэкі ў выпадку выпіскі іх на працяглы курс лячэння (да 6 месяцаў). Пашырана магчымасць атрымання льготнага лекавага сродку на тэрыторыі раёна і вобласці (раней - толькі па месцы выпіскі льготнага рэцэпта).

Акрамя таго, пашыраны паўнамоцтвы і абавязкі медыцынскіх работнікаў па льготным лекавым забеспячэнні жыхароў сельскіх населеных пунктаў, у якіх адсутнічаюць аптэкі (цяпер ажыццяўляецца толькі рэалізацыя лякарстваў за поўны кошт).

Дзеючы цяпер пералік захворванняў, пры наяўнасці якіх грамадзянам прадастаўляецца права на льготнае лекавае забеспячэнне пры амбулаторным лячэнні, дапоўнены 12 пазіцыямі, уключаючы асобныя рэдкія генетычныя і хранічныя сістэмныя захворванні. Для асобных раней уключаных у пералік захворванняў зняты ўзроставыя абмежаванні па льготным лекавым забеспячэнні.

Пастанова ўступае ў сілу праз тры месяцы пасля яе афіцыйнага апублікавання.