навіна

ад 21.12.2023

Раман Галоўчэнка: Адзначаюцца станоўчыя тэндэнцыі ў сферы аховы здароўя, але праблемы яшчэ ёсць

Адзначаюцца станоўчыя тэндэнцыі ў сферы аховы здароўя, але праблемы яшчэ ёсць. Аб гэтым сказаў Прэм'ер-міністр Раман Галоўчэнка на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна.

"Задачы, пастаўленыя кіраўніком дзяржавы, вельмі канкрэтныя і зразумелыя. Ва Ўрадзе гэту работу ўзначаліў віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка, сфарміравана рабочая група, у склад якой увайшлі кіраўнікі Міністэрства аховы здароўя, намеснікі старшынь аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, якія курыруюць гэтыя пытанні. На ўсіх узроўнях былі распрацаваны і прыняты да рэалізацыі планы па ўстараненні недахопаў, што маюць месца. Вызначаны дадатковыя фінансавыя рэсурсы. Адносна некаторых асоб прыняты кадравыя рашэнні", - сказаў Раман Галоўчэнка.

Паводле яго слоў, паралельна прадаўжала работу створаная распараджэннем кіраўніка дзяржавы маніторынгавая група. Маніторынг сітуацыі таксама ажыццяўляўся і спецыяльнымі падраздзяленнямі Міністэрства аховы здароўя, аблвыканкамаў, апарату Савета Міністраў.

"У цэлым адзначаюцца пэўныя станоўчыя змяненні ў функцыянаванні ўстаноў аховы здароўя. Зроблена шмат у арганізацыйным плане, дапрацавана нарматыўная база, упарадкаваны пытанні дыягнастычных даследаванняў, дыспансерызацыі грамадзян", - расказаў кіраўнік Урада.

Прэм'ер-міністр адзначыў, што гэта яшчэ нават не сфарміраваная ўстойлівая тэндэнцыя, а толькі пачатак руху ў патрэбным напрамку. "Зыходзячы з прадстаўленых матэрыялаў, папярэднія вынікі праведзенай у галіне работы пакуль неадназначныя. Праблем у сферы аховы здароўя застаецца яшчэ шмат. Карціна розная складваецца па рэгіёнах. Маніторынгавымі групамі дадаткова выяўлена яшчэ значная колькасць парушэнняў ва ўсіх рэгіёнах", - паведаміў ён.

"Захоўваюцца пэўныя сістэмныя праблемы - гэта кадры, недастатковая эфектыўнасць выкарыстання фінансавых сродкаў, выдзеленых на будаўніцтва і аснашчэнне арганізацый аховы здароўя, і нізкі ўзровень унутранага кантролю за якасцю аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву", - сказаў Раман Галоўчэнка.

На пасяджэнні падрабязна разгледзелі сітуацыю ў абласцях і Мінску, была ацэнена дзейснасць прынятых мер.

Фота: БелТА

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь