навіна

ад 20.03.2008

Урад Беларусі і МФК падпісалі пагадненне аб прадстаўніцтве карпарацыі ў рэспубліцы

Урад Беларусі і МФК падпісалі пагадненне аб прадстаўніцтве карпарацыі ў рэспубліцы

Урад Беларусі і Міжнародная фінансавая карпарацыя падпісалі сёння пагадненне аб прадстаўніцтве карпарацыі ў нашай рэспубліцы. Подпісы пад дакументам паставілі Намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Андрэй Кабякоў і віцэ-прэзідэнт МФК па рэгіёну Еўропы і Цэнтральнай Азіі Дэклан Даф.

Як паведаміў журналістам намеснік міністра замежных спраў Беларусі Віктар Гайсёнак, да падпісання гэтага пагаднення ў рабоце прадстаўніцтва МФК у нашай краіне былі пэўныя праблемы. Прадстаўніцтва было створана на аснове абмену пісьмамі паміж Урадам Беларусі і МФК. Разам з тым, наша заканадаўства патрабуе, каб прадстаўніцтвы міжнародных арганізацый ствараліся на аснове міжнародных дагавораў. У выніку такой неадпаведнасці ўзнікалі праблемы, звязаныя з падаткаабкладаннем, статусам прадстаўніцтва МФК і яго супрацоўнікаў. Паводле слоў Віктара Гайсёнка, падпісанае пагадненне вырашае ўсе гэтыя праблемы. Фактычна, прадстаўніцтва МФК прыраўноўваецца да прадстаўніцтваў іншых міжнародных арганізацый. Пагадненне вызначае яго дыпламатычны статус, статус яго супрацоўнікаў, іх прывілеі і імунітэт.

Беларусь зацікаўлена ў пашырэнні супрацоўніцтва з Міжнароднай фінансавай карпарацыяй. Аб гэтым заявіў сёння Намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Андрэй Кабякоў на сустрэчы з віцэ-прэзідэнтам МФК па рэгіёну Еўропы і Цэнтральнай Азіі Дэкланам Дафам.

Андрэй Кабякоў адзначыў, што адносіны Беларусі з Міжнароднай фінансавай карпарацыяй паспяхова развіваюцца. "Усяго за час супрацоўніцтва МФК інвесціравала ў эканоміку Беларусі больш як $100 млн., і гэтыя інвестыцыі былі запатрабаваны ў рэспубліцы", - сказаў ён. У прыватнасці, адкрыты крэдытныя лініі ў ААТ "Пріорбанк", ААТ "Белгазпрамбанк", карпарацыя прыняла ўдзел у банку мікрафінансавання, у мадэрнізацыі Бабруйскага піваварнага завода і Бабруйскага кансервавага завода. Акрамя таго, МФК аказвае немалаважную кансультацыйную дапамогу Беларусі ва ўдасканаленні інвестыцыйнага клімату і дзелавога асяроддзя, у развіцці малога і сярэдняга бізнесу.

Дэклан Даф у сваю чаргу адзначыў пазітыўныя вынікі работы МФК у Беларусі, асабліва ў фінансавым, аграпрамысловым сектарах, на малых і сярэдніх прадпрыемствах.

Міжнародная фінансавая карпарацыя была створана ў 1956 годзе як "інвестыцыйны інструмент" у структуры Групы Сусветнага банка і на сённяшні дзень - самы буйны ў свеце шматбаковы інвестар на фарміруемых рынках. Цяпер членамі МФК з'яўляюцца 178 краін, якія сфарміравалі акцыянерны капітал і сумесна кіруюць яе дзейнасцю. Статутны капітал МФК складае $2,45 млрд.

Рэспубліка Беларусь першая з краін СНД стала членам МФК у лістападзе 1992 года. Цяпер кіраўніком МФК ад Рэспублікі Беларусь з'яўляецца намеснік прэм'ер-міністра Андрэй Кабякоў, намеснікам кіраўніка - першы намеснік міністра фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец.

У 1993 годзе па запрашэнню беларускага ўрада МФК пачала ажыццяўленне праграм кансультацыйнай дапамогі Беларусі, якія садзейнічаюць развіццю прыватнага сектара і паляпшэнню дзелавога асяроддзя ў краіне.

У 2003 годзе МФК пачала інвестыцыйную дзейнасць у Беларусі. На сённяшні дзень агульная сума інвестыцый у эканоміку краіны, якая ўключае адкрыццё крэдытных ліній у ААТ "Пріорбанк", ААТ "Белгазпрамбанк", удзел у банку мікрафінансавання, а таксама ўдзел у мадэрнізацыі Бабруйскага піваварнага завода і Бабруйскага кансервавага завода, складае больш як $100 млн.

Цяпер дзейнасць МФК у Беларусі накіравана на паляпшэнне дзелавога клімату для малога і сярэдняга бізнесу. Дзейнасць ажыццяўляецца пры фінансавай падтрымцы Шведскага ўпраўлення па развіццю міжнароднага супрацоўніцтва (Sida).

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь