навіна

ад 13.03.2008

Прырост ВУП Беларусі ў студзені-лютым склаў 9,9 працэнта

Прырост унутранага валавога прадукту Беларусі за студзень-люты бягучага года склаў 9,9 працэнта. Аб гэтым далажыў Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку 13 сакавіка на рабочай сустрэчы, паведамляе прэс-службе Кіраўніка дзяржавы. Паводле слоў Сяргея Сідорскага, вынікі двух месяцаў сведчаць аб тым, што ўрадавыя галіновыя праграмы на працягу гэтага года павінны даць якасны вынік, які дазваляе выйсці на значнае апярэджанне тэмпаў развіцця эканомікі Беларусі. Паказчык прыросту прамысловай вытворчасці за студзень-люты бягучага года склаў амаль 13 працэнтаў, што сведчыць аб паспяховай рэалізацыі інвестыцыйных праграм.

Сяргей Сідорскі нагадаў, што ў мінулым годзе аб'ём знешняга гандлю Беларусі склаў $58 млрд. У студзені 2008 года тавараабарот дасягнуў $5 млрд. і на $2 млрд. перавысіў узровень аналагічнага перыяду 2007 года.

Беларусь павялічыла экспарт прадукцыі машынабудавання, складанай тэхнікі, а таксама прадукцыі сельскай гаспадаркі, асабліва ўзраслі пастаўкі ў Расію, Украіну і краіны Еўрасаюза.

Інвестыцыі ў асноўны капітал у студзені-лютым павялічыліся на 12 працэнтаў у параўнанні з узроўнем аналагічнага перыяду мінулага года.

У краіне значна актывізавалася жыллёвае будаўніцтва. Паводле слоў Прэм'ер-міністра, ёсць усе шансы ў 2008 годзе пераадолець рубеж 5 млн.кв.м. У сувязі з магутным прытокам інвестыцый расце і аб'ём будаўніча-мантажных работ.

Інфляцыя ў Беларусі ў лютым гэтага года склала 0,7 працэнта, што з'яўляецца паспяховым паказчыкам на фоне працэсаў, якія адбываюцца ў свеце, такіх як іпатэчны крызіс, рост цэн на прадукты харчавання.

Прэзідэнту таксама даложана аб будучым удзеле Беларусі ў выстаўцы ў Шанхаі ў 2010 годзе, у якой будуць прадстаўлены практычна ўсе краіны свету. Кіраўнік дзяржавы даў даручэнне Ураду звярнуцца да арганізатараў Шанхайскай выстаўкі з прапановай, каб Беларусь была прадстаўлена на гэтым мерапрыемстве асобным павільёнам.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка адобрыў шэраг інвестыцыйных праектаў. Размова ідзе аб будаўніцтве новых прадпрыемстваў у краіне. У бягучым годзе плануецца ўвесці ў дзеянне 40-50 новых вытворчых аб'ектаў, у тым ліку буйное прадпрыемства па гарачаму цынкаванню - у рамках праграмы імпартазамяшчэння.

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь