БелАЭС - ключавы праект для Беларусі ў сферы энергетыкі. З моманту ўключэння першага энергаблока выпрацавана больш як 58 млрд кВт.гадз электраэнергіі. Аб гэтым заявіў Намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Віктар Каранкевіч на пленарным пасяджэнні "ДЗЯЭЛРА ver. 2.0: адраджэнне легенды" ў рамках Казанскага міжнароднага электраэнергетычнага форуму "ЭНЕРГАПРАМ".
Праект па ўзвядзенні БелАЭС стаў ключавым для галіны, самым маштабным у гісторыі беларуска-расійскіх адносін. АЭС забяспечыла не толькі павышэнне энергетычнай самастойнасці краіны, але і ўмацавала яе тэхналагічны і вытворчы патэнцыял у такіх ключавых галінах, як энергетыка, прамысловасць, будаўніцтва, медыцына, навука, адукацыя.
"Фактычна створана цэлая галіна: навучаны спецыялісты, сфарміравана неабходная інфраструктура, асвоены новыя кампетэнцыі не толькі ў сферы атамнай энергетыкі, але і ў сумежных галінах. Сёння нашы навуковыя, інжынерныя школы, канструктарскія, праектныя, будаўнічыя арганізацыі маюць вопыт і веды, запатрабаваныя як унутры краіны, так і за мяжой", - сказаў Віктар Каранкевіч.
Паводле яго слоў, у Беларусі вырабляецца дастатковы аб'ём электраэнергіі для задавальнення патрэбнасцей рэальнага сектара эканомікі і насельніцтва. БелАЭС закрывае каля 40 працэнтаў агульнай патрэбнасці краіны.
"Атамная станцыя з моманту ўключэння першага энергаблока ў сетку ўжо выпрацавала больш як 58 млрд кВт.гадз электрычнай энергіі. Гэта дало магчымасць замясціць каля 16 млрд куб.м прыроднага газу. Атрыманы і экалагічны эфект - агульны аб'ём скарачэння выкідаў парніковага газу ў атмасферу склаў больш як 30 млн т", - паведаміў Намеснік Прэм'ер-міністра.
Паводле яго слоў, стратэгічнымі мэтамі для энергетычнай галіны Беларусі з'яўляюцца энергетычны суверэнітэт, устойлівае і эфектыўнае развіццё энергакомплексу на аснове перспектыўных інавацыйных тэхналогій. Дзякуючы падтрымцы Кіраўніка дзяржавы ў галіне рэалізаваны маштабныя праекты і праграмы.
"Толькі за мінулую пяцігодку ў Беларусі ўведзена ў эксплуатацыю 3,4 тыс. МВт генерыруючых сучасных магутнасцей, пабудавана і рэканструявана 12,5 тыс. км электрычных сетак рознага класа напружання. Мадэрнізаваны сістэмаўтваральныя падстанцыі, укаранёны найноўшыя тэхналогіі, якія даюць магчымасць павышаць надзейнасць электразабеспячэння спажыўцоў, зніжаць выдаткі, аўтаматызаваць вытворчыя працэсы. Больш як у два разы вырас узровень лічбавізацыі аб'ектаў энергетыкі", - расказаў Віктар Каранкевіч.